Прыбылыя ў Варшаву палітвязні ўжо заўтра пачнуць працэс легалізацыі ў Польшчы

Беларускія палітвязні, якія прыбылі ў Варшаву, ужо заўтра пачнуць працэс легалізацыі ў Польшчы. Пра гэта паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Яны змогуць падаць хадайніцтвы аб прадастаўленні міжнароднай абароны.

Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая на сустрэчы намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі з кіраўніцтвам Галоўнай камендатуры Памежнай аховы Польшчы і памежнай камендатурай у Варшаве.

Вызваленыя палітвязні змогуць падаць дакументы ў трох пунктах польскай памежнай службы. Польскія памежнікі выказалі гатоўнасць прымаць дакументы і ў выхадныя дні — суботу і нядзелю, каб садзейнічаць паскарэнню працэдуры легалізацыі.

Павел Латушка выказаў падзяку МУСіА, Памежнай ахове і МЗС Польшчы за аператыўнае рэагаванне на запыты.

Пытанне легалізацыі таксама абмяркоўвалася на сустрэчы з кіраўніцтвам Упраўлення па справах замежнікаў. Бакі выпрацавалі алгарытм далейшых крокаў.

«Першая наша задача — гэта па ўзгадненні з галоўным камендантам Памежнай аховы Польшчы (і адпаведны ліст яму быў накіраваны) — вызначыць дні і час падачы дакументаў на міжнародную абарону вызваленымі беларусамі, якія прынялі рашэнне застацца ў Польшчы.

Другая просьба, якую мы адрасавалі польскаму боку, — па магчымасці разглядаць звароты на міжнародную абарону ад былых палітвязняў у як мага карацейшыя тэрміны», — сказаў Павел Латушка.

Ён таксама папрасіў польскі бок улічыць асаблівую сітуацыю, звязаную з вызваленымі палітвязнямі: некаторыя з іх не маюць дакументаў, і таму патрэбная як мага хутчэйшая легалізацыя і сацыялізацыя ў краіне знаходжання. Таксама абмяркоўваліся пытанні атрымання сацыяльнай дапамогі вызваленымі палітвязнямі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!