КДК выявіў схему закупак сельгаспрадукцыі ў «мёртвых душ» у Гомельскай вобласці

Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў незаконную пасярэдніцкую схему закупак сельгаспрадукцыі ў насельніцтва ў Гомельскай вобласці. Узбуджана пяць крымінальных спраў. Сума нявыплачаных падаткаў ацэньваецца больш як у 3,3 млн рублёў.

Як растлумачылі ў КДК, адной з функцый арганізацый Белкаапсаюза з’яўляецца закупка ў насельніцтва пладоў, ягад, грыбоў, зеляніны. Для гэтага нарыхтоўшчыкам выдзяляюцца буйныя сумы наяўных грошай. У адной з арганізацый спажывецкай кааперацыі нарыхтоўшчыкі ўступілі ў змову з камерцыйнымі структурамі — захавальнікамі стабілізацыйных фондаў, якія замест іх закуплялі прадукцыю.

У свае ведамасці нарыхтоўшчыкі ўносілі ілжывыя звесткі пра закупку прадукцыі ў насельніцтва. У дакументы ўключалі ў тым ліку непаўналетніх і памерлых. Усяго ў 2023–2026 гадах у дакументы было ўнесена больш за 2 тысячы «мёртвых душ», якім нібыта выплацілі больш за 10 млн рублёў.

Насамрэч сельгаспрадукцыю закуплялі тры камерцыйныя структуры. Нарыхтоўшчыкі арганізацый спажывецкай кааперацыі наўпрост перадавалі іх службовым асобам наяўныя грашовыя сродкі, прызначаныя для разліку з грамадзянамі. Пасля гэтага прадпрымальнікі скуплялі плодаагароднінную прадукцыю ў перакупшчыкаў і фермераў на аптовых рынках Брэсцкай і Мінскай абласцей.

Каб стварыць бачнасць законнага набыцця сельгаспрадукцыі, прадпрымальнікі за хабар атрымлівалі ад службовых асоб арганізацыі спажывецкай кааперацыі «ліпавыя» накладныя на набыццё прадукцыі і ўключалі іх у бухгалтарскі ўлік.

Далей прадукцыя, закупленая камерцыйнымі арганізацыямі, мінаючы склады арганізацыі Белкаапсаюза, прадавалася бюджэтным арганізацыям (школам, бальніцам, дзіцячым садам, установам грамадскага харчавання) з дадатковай нацэнкай да 23%.

КДК ацэньвае суму нявыплачаных падаткаў больш як у 3,3 млн рублёў. Узбуджаны крымінальныя справы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!