Фото: sudexpert.gov.by
У Бабруйску міліцыя канфіскавала тры баявыя пісталеты і сем патронаў пасля звароту 22-гадовага мясцовага жыхара, які знайшоў зброю ў кватэры свайго сваяка, расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.
Пра знойдзеныя ў кватэры дзядзькі пісталеты і патроны малады чалавек паведаміў у міліцыю. Як высветлілася, мужчына доўгі час захоўваў зброю, якая дасталася яму ў спадчыну ад дзеда, лічачы яе сямейнай рэліквіяй.
Канфіскаваныя прадметы накіравалі на судовую балістычную экспертызу. Эксперты ўстанавілі, што ўсе тры пісталеты з’яўляюцца заводскай наразной агнястрэльнай зброяй і прыдатныя для стральбы. Сярод іх — 6,35-мм пісталет канструкцыі Каровіна, 9-мм пісталет Borchardt-Luger (Parabellum P08) і 7,65-мм пісталет Mauser узору 1914 года. Нямецкія пісталеты Mauser і Luger шырока выкарыстоўваліся падчас Другой сусветнай вайны. Пісталет Каровіна — першы савецкі серыйны самазарадны пісталет, створаны ў 1926 годзе. Такія паступалі на ўзбраенне супрацоўнікаў НКУС СССР, сярэдняга і старшага каманднага складу Чырвонай арміі, дзяржаўных служачых і партыйных работнікаў, адзначылі ў ДКСЭ.
Паводле заключэння экспертаў, 7 знойдзеных патронаў таксама з’яўляюцца боепрыпасамі заводскай вытворчасці і прыдатныя для выкарыстання.
Па факце выяўлення зброі аддзел міліцыі Першамайскага раёна Бабруйска праводзіць праверку.
У ведамстве нагадалі, што за незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў прадугледжаная крымінальная адказнасць. Пры гэтым асобы, якія добраахвотна здалі зброю, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці, калі гаворка не ідзе пра яе збыт.