Пры атацы на аўтобус пацярпелі 8 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей — Мінздароўя

Паводле апошніх даных, пры ўдары беспілотніка па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці пацярпелі восем чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей, заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў.

«Не абышлося без ахвяр — адзін чалавек загінуў. На дадзены момант, паводле аператыўных даных, восем чалавек, з іх шэсць непаўналетніх, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Знаходзяцца ў некалькіх бальніцах Бранскай вобласці. Усталяваны кантакт паміж міністрам аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і міністрам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Прымаюцца ўсе неабходныя крокі для аказання аператыўнай дапамогі», — заявіў ён.

З Беларусі ў Бранск накіраваныя тры рэанімацыйныя брыгады ў складзе 11 чалавек. Яны ацэняць стан пацярпелых і прымуць рашэнне аб магчымасці іх транспарціроўкі ў Беларусь. Для транспарціроўкі гатовы верталёт медыцынскай службы.

«Таксама на дадзены момант з Мінска ў Бранск накіраваныя спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню. Гэта анестэзіёлагі-рэаніматолагі, дзіцячыя хірургі, а таксама спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра агнястрэльнай траўмы», — дадаў Хаджаеў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!