Фото: facebook.com/belarusff
Беларуская федэрацыя футбола праінфармавала Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) і Міжнародную федэрацыю футбола (ФІФА) аб атацы беспілотнікам на аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці РФ.
У АБФФ заяўляюць, што абстрэл быў ажыццёўлены «з боку Узброеных сіл Украіны».
«Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» ўжо праінфармавала прэзідэнтаў УЕФА і ФІФА аб тым, што адбылося, а таксама ініцыявала расследаванне дадзенага інцыдэнту ў адпаведных органах. На дадзены момант мы збіраем усю наяўную інфармацыю і трымаем гэтую сітуацыю на асаблівым кантролі. Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулай». — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, аўтобус з 44 пасажырамі, сярод якіх было 28 дзяцей, трапіў пад удар беспілотніка ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня. Следчы камітэт РФ заявіў, што дрон быў украінскім.
У аўтобусе на адпачынак у Геленджык ехала дзіцячая футбольная каманда ДЮСШ-2 Рэчыцы. У выніку ўдару загінула жанчына, якая суправаджала каманду. Шпіталізаваныя сем чалавек, у тым ліку пяць дзяцей. У іх асколачныя раненні. Адно дзіця знаходзіцца ў цяжкім стане.