Продажы беларускага бензіну на Пецярбургскай біржы знізіліся ў пачатку ліпеня

Продажы беларускага бензіну на Пецярбургскай біржы знізіліся ў пачатку ліпеня. Пра гэта паведамляе «Коммерсантъ». Паводле інфармацыі расійскага выдання, 1–2 ліпеня было рэалізавана больш за 7 тыс. тон паліва за дзень, а 6 ліпеня аб’ёмы скараціліся да 420 тон.

«Коммерсантъ» выказвае здагадку, што беларускія НПЗ маглі распрадаць амаль усе ліпеньскія партыі паліва. Акрамя таго, фактарам, які паўплываў на аб’ёмы таргоў, маглі стаць цэнавыя абмежаванні. Нядаўна на беларускі бензін распаўсюдзілі абмежаванне на рост цэн на таргах у 0,01% пры кожным кроку, што магло зрабіць біржавы канал менш прывабным для рэалізацыі, у выніку чаго беларускія аб’ёмы перайшлі на пазабіржавы рынак.

Паводле ацэнак крыніц выдання, беларускія НПЗ за чэрвень адгрузілі каля 150 тыс. т паліва, пры гэтым аб’ём продажаў праз Пецярбургскую біржу вырас у 3,6 раза ў параўнанні з мінулым годам — да 90,9 тыс. тон. Агульны аб’ём продажаў бензіну праз яе скараціўся на 23,9% — да 610,36 тыс. т. У выніку беларускае паліва склала 15% біржавой прапановы ў мінулым месяцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!