Праверка Узброеных сіл «праз галаву» Мінабароны як прыкмета крызісу даверу

На ўчарашняй нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка вырашыў апраўдацца за тое, што праверка Узброеных сіл была ініцыяваная ім у абыход Міністэрства абароны. Што ж прымусіла палітыка пускацца ў тлумачэнні і пра што сведчаць праверкі «праз галаву»?

Паралельныя праверкі

16 студзеня дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч абвясціў пра распачатую ў Беларусі маштабную праверку Узброеных сіл. Паводле слоў Вальфовіча, праверка праводзіцца па даручэнні Лукашэнкі, а яе мерапрыемствы «маюць раптоўны характар».

Ужо 23 студзеня адно з механізаваных злучэнняў Узброеных сіл Беларусі было прыведзена ў баявую гатоўнасць. Вось як пра гэта распавядаў Вальфовіч: «Група супрацоўнікаў Дзяржсакратарыята прыбыла, уручыла распараджэнне, падпісанае асабіста прэзідэнтам».

То-бок загад камандзірам брыгады быў атрыманы непасрэдна ад Лукашэнкі, «праз галаву» Міністэрства абароны. Якое 26 студзеня анансавала ўласную праверку баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых частак. Паводле слоў міністра абароны Віктара Хрэніна, праверка, што праходзіць па ўказанні Лукашэнкі, і мерапрыемствы ўзначаленага ім ведамства ідуць паралельна.

Пазней высветлілася, што дзяржсакратара Савета бяспекі Вальфовіча, які даставіў загад ад Лукашэнкі ў механізаваную брыгаду, суправаджаў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў.

Рэгулярныя вучэнні і праверкі ва Узброеных сілах — справа для цяперашняй Беларусі звыклая. Але навошта Лукашэнку спатрэбілася рабіць гэта ў абыход ведамства Хрэніна? І з чаго палітык вырашыў апраўдвацца за гэтае рашэнне?

І ўнутры, і за межамі

Атрымалася непрыгожа. З боку сапраўды магло падацца, што палітык не давярае ўласнаму міністру.

І на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці — праблеме, вельмі далёкай ад праверак Узброеных сіл, — Лукашэнка вырашыў растлумачыць, навошта арганізаваў праверку, мінаючы Мінабароны.

Палітык заявіў — падставай для яго апраўданняў сталі словы яго апанентаў пра тое, што ён не давярае міністру абароны і Генштабу.

Пры гэтым сказанае палітыкам яго прэс-служба вырашыла скараціць, бесцырымонна выразаўшы важную дэталь. Поўнасцю цытата гучала так: «Нашы — і ўнутры, і за межамі краіны «беглыя»: «Ах, не давярае міністру абароны, не давярае Генштабу». Я ўсім давяраю. Але гэта раптоўная праверка, якую праводзіць галоўнакамандуючы. І я хачу паглядзець, а як у гэтай раптоўнай праверцы будуць дзейнічаць Генштаб і Мінабароны», — сказаў Лукашэнка.

Словы «і ўнутры, і за межамі краіны» з апублікаванага «Пулам Першага» відэа з выступленнем Лукашэнкі зніклі. Засталіся толькі «нашы беглыя» і далей па тэксце. Дык хто ж тыя ворагі «ўнутры», якія адважыліся паставіць пад сумнеў давер Лукашэнкі міністру Хрэніну і не толькі?

Венесуэльскі пракол

А трапіў у няёмкае становішча адзін з найбольш адыёзных беларускіх прапагандыстаў Рыгор Азаронак. У сваім стрыме ў той самы злашчасны дзень 23 студзеня ён пусціўся ў разважанні пра «раптоўную праверку ўзброеных сіл па даручэнні галоўнакамандуючага».

«Увага, увага. Тут вельмі важна. Яны задачу атрымлівалі не з Генеральнага штаба, не з Міністэрства абароны. Праз галаву Міністэрства абароны асабіста прэзідэнт загадаў камандзіру брыгады. Чаму гэта было зроблена? <…> Мы бачым таксама сітуацыю ў свеце, калі спрабуюць раз’яднаць, так бы мовіць, эліты і першую асобу. Ну, у Венесуэле гэта было», — вяшчаў Азаронак, маючы на ўвазе захоп амерыканскім спецназам Нікаласа Мадуры. А між тым сам Лукашэнка, каментуючы гэтую падзею, заяўляў: у сітуацыі з затрыманнем Мадуры мелі месца «змова і здрада». А тут праводзяцца такія нядобрыя паралелі.

Азаронак паспрабаваў змякчыць уласныя словы, пусціўшыся ў разважанні, што ён, маўляў, нікога «не абвінавачвае» і «не падазрае ў здрадзе». Але было позна. Параўнанне з Венесуэлай відавочна не спадабалася Лукашэнку. Падаецца, менавіта гэтыя словы ўлюбёнага прапагандыста і сталі прычынай апраўданняў і тлумачэнняў палітыка.

Асобнае пытанне — перад кім менавіта ён апраўдваўся? Перад расіянамі, якія, магчыма, лічаць, што ў беларускай арміі ў іх усё схоплена, а тут раптам загады аддаюцца без ведама вышэйшых чыноў, якіх яны лічаць лаяльнымі сабе? Перад міністрам Хрэніным, які мог успрыняць праверку Узброеных сіл праз ягоную галаву як замаскаваны вотум недаверу? Перад тымі, хто разам з Азаронкам вырашыць засумнявацца ў вернасці першых асоб кіраўніку?

Дакладнага адказу мы не ведаем. Толькі пра тое, што Лукашэнка не надта давярае ўласным чыноўнікам, сведчаць і іншыя факты.

Крызіс даверу

На той жа нарадзе пра праблемы Віцебскай вобласці Лукашэнка растлумачыў, чаму вырашыў зняць з пасады былога старшыню аблвыканкама Аляксандра Субоціна. Паводле слоў палітыка, на яго стол леглі вынікі «маніторынгу» таго, што казалі віцебскія чыноўнікі пасля папярэдняй нарады пра справы ў шматпакутнай вобласці, якая адбылася ў кастрычніку мінулага года. Лукашэнка распавёў, што, паводле дадзеных праслухоўвання, некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі паміж сабой каментавалі папярэднія ўказанні Лукашэнкі так: «Ну, нічога, час пройдзе, усё ўляжацца».

А значыць, сочаць. Праслухоўваюць. Калі не ўсіх, дык многіх. Ад даярак да кіраўнікоў абласцей. Што гэта, калі не крызіс даверу з боку Лукашэнкі да ўласных кіравальнікаў? Недавер, у сваю чаргу, нараджае страхі. Сёння яны спускаюць на тармазах распараджэнні палітыка, а што здарыцца заўтра? Чый загад выканае ўмоўны Хрэнін — атрыманы ад Лукашэнкі ці ж той, што паступіў з Крамля? А калі прыляцяць верталёты, як па Мадуру, — ці не вырашаць сілавікі адседзецца ўбаку? Вось і яно. Тым больш што парушаць слова афіцэра міністру Хрэніну не ўпершыню.

Аднак недавер таксама не нараджаецца на пустым месцы. Відаць, ёсць у Лукашэнкі падставы сумнявацца. Магчыма, не толькі ў выканаўчай спрытнасці, але і ў вернасці сваіх прызначэнцаў.

Вось і даводзіцца браць пад асабісты кантроль усё — ад арміі да вясковых ферм. І накіроўваць на «небяспечныя ўчасткі» наглядчыка ў асобе старшыні КДК Герасімава. Каб пераканацца — ці выконваюць вайскоўцы атрыманае распараджэнне, ці проста чакаюць, пакуль усё ўляжацца.

Чыноўнікам такая павышаная ўвага таксама наўрад ці прыйдзецца даспадобы. Балбатаць языкамі яны, імаверна, стануць менш. Але вернасці ад гэтага ў іх наўрад ці дадасца. Хіба што страху за сябе.

Падаецца, гісторыя з Мадурам бясследна не прайшла. Азаронак правільна прачытаў асцярогі свайго патрона. І хоць, паводле слоў Лукашэнкі, ён усім давярае, а «міністр абароны адразу ж быў пастаўлены ў вядомасць па змесце майго распараджэння», на справе ўсё выглядае некалькі інакш.

Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!