Александр Вольфович. Фото: Артём Берестень, «Ваяр»
У Беларусі пачалася маштабная праверка Узброеных сіл. Яна носіць комплексны характар. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
«Па даручэнні прэзідэнта пачата маштабная праверка Узброеных Сіл. Яна будзе насіць комплексны характар і складацца з некалькіх этапаў. Мерапрыемствы праверкі маюць раптоўны характар», — цытуе яго БелТА.
Вальфовіч адзначыў, што праверка праводзіцца з улікам досведу расійска-ўкраінскай вайны. Будзе правярацца ахова воінскіх часцей, процідзеянне сучасным сродкам паражэння, у тым ліку беспілотнікам.
Паводле слоў Вальфовіча, задума праверкі зацверджана Аляксандрам Лукашэнкам. Ён таксама будзе асабіста прымаць удзел у праверцы, аднак якія часці наведае Лукашэнка, не паведамляецца.
Пакуль жа правяраецца воінская частка тэхнічнага забеспячэння. Адзначаецца, што яна адна з найбуйнейшых у Беларусі. Тут стаяць на захоўванні розныя ўзоры бранятэхнічнага ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
«Раптоўна прыбыла група, уручыла распараджэнне камандзіру воінскай часткі. Было заслухана пра стан спраў на базе захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі. У лістападзе мінулага года гэтая воінская частка падвяргалася праверцы рабочай групай Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі і Камітэта дзяржаўнага кантролю. Падчас гэтай праверкі будзе правераны план ліквідацыі тых недахопаў, якія былі выяўлены ў мінулым годзе», — расказаў Вальфовіч.
Паводле яго слоў, правяраючыя паглядзяць, як ва ўстаноўленыя нарматывамі часавыя паказчыкі розныя ўзоры бранятэхнічнага ўзбраення будуць знятыя з захоўвання. Вырашана зняць з захоўвання некалькі ўзораў танкаў, БМП, бронетранспарцёраў. Пры гэтым усе работы павінны быць выкананы сіламі воінскай часткі без прыцягнення дадатковых рэсурсаў. У далейшым знятая з захоўвання тэхніка здзейсніць кантрольны прабег працягласцю 15–20 км.
Праверкі гатоўнасці Узброеных сіл Беларусі звычайна праводзяцца ў пачатку года. У мінулым годзе такая праверка стартавала ў лютым, у 2024-м яна пачалася ў сакавіку. У 2023 годзе мерапрыемствы таксама стартавалі ў студзені.