Праваабаронцы прадставілі даклад пра дыскрымінацыю жанчын у месцах несвабоды ў Беларусі

Праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill сумесна з запрошанай гендарнай эксперткай прадставіла аналітычны даклад пра дыскрымінацыю жанчын у месцах несвабоды ў Беларусі за 2020–2025 гады. Прэзентацыя адбылася 17 лютага 2026 года.

Дакумент падрыхтаваны на аснове інтэрв’ю з былымі зняволенымі. Аўтары зафіксавалі дыскрымінацыйныя практыкі ў беларускіх пенітэнцыярных установах і ацанілі іх з пункту гледжання адпаведнасці нормам міжнароднага права.

Сярод асноўных тэм даследавання — неналежныя ўмовы ўтрымання, уключаючы адсутнасць гігіены і парушэнне права на здароўе, неналежнае абыходжанне і сексуалізаваныя дамаганні з боку персаналу, утрыманне цяжарных і нядаўна нарадзілых жанчын, форменная вопратка і прымусовая праца. Асобная ўвага нададзена перакрыжаваным формам дыскрымінацыі, а таксама адсутнасці эфектыўных механізмаў абскарджання парушэнняў у межах нацыянальных працэдур.

Для падрыхтоўкі даклада праваабаронцы сумесна з гендарнай эксперткай апыталі жанчын, пазбаўленых волі па розных падставах і на розныя тэрміны ў 2020–2025 гадах. Сведчанні датычацца ізалятараў часовага ўтрымання ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Гомелі і Рэчыцы, Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, следчых ізалятараў у Мінску і Мінскім раёне, Брэсце, Жодзіне і Гомелі, а таксама дзвюх папраўчых калоній.

У дакладзе падкрэсліваецца, што хаця ўмовы ўтрымання мужчын у Беларусі таксама застаюцца неналежнымі, аднолькава дрэнныя ўмовы могуць аказваць на жанчын больш сур’ёзны ўплыў — з улікам біялагічных і сацыяльна-культурных адрозненняў, а таксама гендарнага дысбалансу ўлады.

Паводле даных аўтараў, дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрымання жанчын у месцах пазбаўлення волі застаюцца сістэмнай праблемай. Акрамя палітычных зняволеных — па стане на канец 2025 года іх у краіне не менш за 167 — ва ўстановах знаходзяцца тысячы жанчын, якія штодзённа сутыкаюцца з небяспечнымі або прыніжаючымі годнасць умовамі.

Праблема раней станавілася прадметам увагі міжнародных органаў, уключаючы Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ). Аднак, як адзначаецца ў дакладзе, недастатковая інфармаванасць Камітэта пра становішча жанчын-зняволеных у Беларусі і адсутнасць у іх рэальнай магчымасці абскардзіць умовы ўтрымання ўскладняюць падачу зваротаў.

Аўтары разлічваюць, што дакумент будзе выкарыстаны пры падрыхтоўцы зваротаў у КЛДЖ і іншыя міжнародныя органы. Поўная версія даклада апублікавана на сайце арганізацыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!