Ціханоўская на форуме GLOBSEC заклікала інвеставаць у людзей, якія хочуць пабудаваць дэмакратычнае грамадства

Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у сесіі «Утрыманне лініі дэмакратычнай устойлівасці» на форуме GLOBSEC у Празе. Дыскусія была прысвечаная ўмацаванню грамадскай згуртаванасці, даверу да інстытутаў і ролі грамадзянскай супольнасці ва ўмовах ціску.

Адказваючы на пытанне пра галоўныя пагрозы дэмакратыі, Ціханоўская заявіла, што небяспека зыходзіць не толькі ад аўтарытарных рэжымаў звонку, але і знутры саміх грамадстваў.

«Многія людзі лічаць, што пагрозы дэмакратыі звычайна зыходзяць ад аўтарытарных рэжымаў, аднекуль звонку. Але я думаю, што людзі таксама павінны самі браць на сябе адказнасць. Людзі пачынаюць проста атрымліваць асалоду ад дэмакратыі і забываць, што павінны абараняць яе кожны дзень», — сказала яна.

Паводле яе слоў, людзі ў іншых краінах павінны старацца ўносіць свой уклад у развіццё дэмакратыі.

«Ні адно па-сапраўднаму дэмакратычнае грамадства, дзе кожны адчувае адказнасць, не можа быць разбуранае звонку», — падкрэсліла палітык.

Яна таксама падзялілася досведам самаарганізацыі ва ўмовах, калі дзяржаўныя інстытуты перастаюць працаваць. Лідар дэмсіл нагадала, што падчас пандэміі COVID-19 дзяржаўныя інстытуты ў Беларусі не працавалі на дапамогу людзям, і звычайныя грамадзяне самаарганізаваліся, каб падтрымліваць адзін аднаго. Тое ж самае адбылося падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года, калі беларусы, медыя, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і бізнес зноў аб’ядналіся.

«Вось чаму я заўсёды кажу, што ў першую чаргу мы павінны інвеставаць у людзей, у іх адукацыю, каб яны разумелі сваю адказнасць. І вось чаму, калі я прашу пра дапамогу для нашага дэмакратычнага руху, я прашу інвеставаць у людзей, якія сапраўды хочуць пабудаваць дэмакратычнае грамадства. Бо рана ці позна мы пераможам», — заключыла Ціханоўская.

У сесіі таксама ўдзельнічалі першы намеснік прэм’ер-міністра Косава Глаўк Канюфца, карэспандэнт BBC Роб Кэмерон, галоўны рэдактар Seznam Zprávy Роберт Часенскі, прафесар Універсітэта Джорджыі Кас Муддэ, дырэктар Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Марк Леанард.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!