Прарэктар магілёўскай ВНУ, загадчыца інтэрната і кастэлянша асуджаныя за шматгадовыя крадзяжы

Навіны
Фото: Генпрокуратура

Трох службовых асоб аднаго з універсітэтаў Магілёва прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. Ім інкрымінавалі крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, былыя прарэктар, загадчыца інтэрната і кастэлянша на працягу 10 гадоў кралі маёмасць установы.

Фігуранты мелі доступ да матэрыяльных каштоўнасцей, іх уліку і захоўвання. Яны сістэматычна прысвойвалі мэблю, пасцельныя прыналежнасці, інвентар для ўборкі, бытавую хімію і іншую маёмасць. Каб схаваць нястачу, у дакументах на спісанне маёмасці ўказваліся ілжывыя звесткі. Агульны кошт скрадзенага перавысіў 13,8 тысячы рублёў.

У судзе абвінавачаныя прызналі віну і кампенсавалі нанесеную шкоду ў поўным аб’ёме.

Суд Акцябрскага раёна Магілёва прызнаў іх вінаватымі па ч. 2 арт. 210 КК. Усім прызначылі па два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Акрамя таго, былым прарэктару і загадчыцы інтэрната прысудзілі штрафы па 100 базавых велічынь (4,5 тысячы рублёў). Кастэлянша атрымала штраф у 50 базавых (2250 рублёў).

Усе трое на 5 гадоў пазбаўленыя права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі, а таксама з улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.