Польскі суд адмовіўся разглядаць апеляцыю беларускага журналіста, якому забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону

Ваяводскі адміністрацыйны суд Варшавы адхіліў апеляцыю па справе беларускага журналіста Аляксандра Буракова, які спрабаваў высветліць, чаму яму забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону.

Рашэнне суда было вынесена на пачатку сакавіка. Адвакат Буракова накіраваў у суд запыт аб пісьмовым абгрунтаванні рашэння, паведамляе БАЖ.

«Папярэдні ліст ад адваката быў пра фінальнае судовае пасяджэнне ў закрытым рэжыме, з-за якога сутнасць справы застанецца таямніцай. Цяпер маем прысуд, які крыху здзівіў нават адвакатскую кантору. Прысуд — адно слова: „адхіліць“», — расказаў Буракоў.

Журналіст пакуль не вырашыў, як дзейнічаць далей.

У 2021 годзе Буракоў атрымаў польскую візу і даведаўся, што па ініцыятыве Польшчы яму забаронены ўезд у краіны Шэнгенскай зоны да 2 сакавіка 2026 года. Пяць гадоў журналіст спрабаваў высветліць прычыны, па якіх яму забаранілі ўезд, каб аспрэчыць забарону.

Буракоў лічыць, што падставай для забароны маглі стаць падзеі 20-гадовай даўніны.

«У сярэдзіне 2000-х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы накіравалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, аднак неўзабаве мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу», — расказаў Буракоў. Яму забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады, але журналіст без праблем атрымліваў шэнгенскія візы ў пасольстве Літвы і наведваў ЕС.

Буракоў супрацоўнічаў у якасці фрылансера з «Белсатам», «Радыё Рацыя», Deutsche Welle. У 2020 годзе яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць, у 2021 годзе ў яго кватэры прайшоў ператрус. Цяпер Буракоў жыве ў краіне, якая не ўваходзіць у Шэнгенскую зону.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!