Никита Мелкозеров. Скриншот "жизнь-малина".
Польская пракуратура пачала расследаванне смерці журналіста Мікіты Мелказёрава паводле артыкула аб ненаўмысным забойстве, паведамляе «Белсат».
«Гэта традыцыйная фармулёўка, якая выкарыстоўваецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая. Будзе праведзена анатамаванне — мы не ведаем, калі менавіта, магчыма, гэта адбудзецца яшчэ да Калядаў. Не выключаю, што паспеюць да Новага года», — заявіў тэлеканалу прэс-сакратар Акруговай варшаўскай пракуратуры Пётр Антоні Скіба.
Цела цяпер знаходзіцца ва ўстанове судовай медыцыны Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта. Там жа будзе праведзена ўскрыццё. Паводле слоў Скібы, працэдура звычайна праводзіцца на працягу двух тыдняў, але пракуратура ўжо папрасіла судова-медыцынскую экспертызу зрабіць усё «як мага хутчэй».
«З улікам зацікаўленасці СМІ мы будзем імкнуцца абнародаваць звесткі, якія не супярэчаць інтарэсам сям’і загінулага. Далейшыя працэсуальныя дзеянні залежаць ад вынікаў судова-медыцынскай экспертызы. Усё будзе залежаць ад таго, што стане вядома пасля ўскрыцця», — заявіў прэс-сакратар пракуратуры.
Скіба таксама распавёў, што пакуль па факце смерці Мелказёрава была апытаная толькі яго ўдава. На сёння галоўная версія следства — негвалтоўная смерць.
«На гэтым этапе мы прымаем пад увагу, што смерць магла адбыцца па натуральных прычынах, але ўсё гэта праверым шляхам паслядоўнага збору доказнага матэрыялу», — заявіў Скіба.
Мікіта Мелказёраў памёр у ноч з 20 на 21 снежня. Яму было 37 гадоў.