Польскага піяніста, які ездзіў у Беларусь, судзяць за шпіянаж у Быдгашчы

У Акруговым судзе Быдгашчы слухаецца справа 28-гадовага грамадзяніна Польшчы Віктара З., абвінавачанага ў шпіянажы на карысць расійскай разведкі, піша Most са спасылкай на газету Wyborcza. Паводле версіі следства, цікавасць да супрацоўніцтва ён праявіў падчас допыту на беларускай мяжы ў Брэсце, куды прыехаў разам са знаёмым беларусам.

Паводле даных следства, Віктар З. збіраў і спрабаваў перадаць звесткі пра Цэнтр падрыхтоўкі аб’яднаных сіл NATO, аэрапорт Быдгашчы, Ваенны авіяцыйны завод і завод Nitro-Chem — стратэгічнага вытворцу трацілу для краін NATO. Аднак рэальным атрымальнікам інфармацыі аказалася не расійская разведка, а польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Па адукацыі Віктар З. піяніст, таксама скончыў факультэт прыкладной лінгвістыкі. Ён свабодна размаўляе па-руску і па-нямецку, не хаваў прарасійскіх поглядаў, разлічваў на перамогу Расіі ў вайне з Украінай і адкрыта разважаў пра тое, што было б, калі б інфармацыю пра аб’екты NATO «злілі на Усход».

Паводле слоў Віктара, у Беларусь ён паехаў у турыстычных мэтах са знаёмым беларусам Валерыем, які прыехаў у Польшчу на заробкі, і яго тагачаснай дзяўчынай Дар’яй.

На беларускай мяжы яго затрымалі на допыт, агледзелі тэлефон, распытвалі пра палітычныя погляды і стаўленне да Расіі.

“Ён расказваў, што яго затрымала на мяжы нейкая служба ўнутранай бяспекі. З ім і яшчэ нейкім украінцам размаўлялі, агледзелі тэлефон, пыталіся пра палітычныя погляды, пра стаўленне да Расіі і Беларусі. Ён паказваў свае фатаграфіі ў савецкай форме, — расказала дзяўчына Віктара Марта. — Ён не казаў, што тады прагучала нейкая прапанова пра супрацоўніцтва з замежнымі службамі. Ён перадаў інфармацыю пра тое, дзе спыніцца ў Беларусі, і свае кантакты. «Вы чалавек з правільнымі поглядамі», — пачуў ён [ад беларускага супрацоўніка]“.

Віктар палічыў, што яго “вёў” КДБ.

Як менавіта польскім спецслужбам стала вядома пра намеры Віктара, не вядома. Але 12 сакавіка 2025 года ён звязаўся з Мартай, сказаўшы, што хоча пагаварыць. У машыне на паркоўцы каля супермаркета ён паказаў дзяўчыне паведамленне ад расійскага боку: з ім усталявалі кантакт і хочуць запрасіць да супрацоўніцтва. Віктар быў усхваляваны і палічыў, што гэта наступства леташняй размовы на беларускай мяжы.

Паведамленне было напісана па-руску. У ім гаварылася: «Ты мяне не ведаеш, а я цябе ведаю».

Насамрэч за паведамленнем стаяла не расійская разведка, а афіцэр польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі. Віктар З. абмяняўся з ім некалькімі электроннымі лістамі, пасля чаго 4 чэрвеня 2025 года яго затрымалі.

Наступнае пасяджэнне суда прызначанае на 8 чэрвеня, Віктар застаецца пад вартай як мінімум да 28 жніўня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!