Света Бень і Яўген Кучмейна (.К) выпусцілі альбом «Карова белая»

14 жніўня 2026 года на ўсіх стрымінгавых платформах выйшаў новы альбом Светы Бень «Карова белая», створаны ў калабарацыі з Яўгенам Кучмейнам (.К).

Новая плытка — паўнавартасная калабарацыя двух артыстаў.

Ідэя альбома з’явілася пасля невялікага сумеснага еўрапейскага тура вясной 2025 года. Падчас доўгіх прагулак па Берліне музыкі вырашылі, што песні, падрыхтаваныя для канцэртнай праграмы, абавязкова павінны быць запісаныя. Паступова гэтая думка вырасла ў ідэю стварыць паўнавартасны альбом.

“Проста размаўляеш з лёсам і яго вестунамі на мове сімвалаў”

У «Карову белую» ўвайшлі песні розных гадоў: адны былі напісаныя зусім нядаўна, іншыя ўжо паспелі пражыць доўгае канцэртнае жыццё, але ніколі раней не выдаваліся, а некаторыя з’явіліся ўжо падчас працы над запісам.

Усе кампазіцыі атрымалі новае музычнае прачытанне дзякуючы Яўгену Кучмейну, які аранжыраваў, музычна спрадзюсаваў, запісаў і звёў увесь альбом, прыўнёсшы ў яго сваё пазнавальнае гучанне і аўтарскі погляд.

Запіс праходзіў у мабільнай студыі «Нёман-9», якая суправаджае музыку ў яго падарожжах. Апошні год студыя знаходзілася ў Малых Азеранах на Падляшшы, недалёка ад беларускай мяжы, дзе і быў створаны альбом.

У аснову візуальнага рашэння альбома ляглі фатаграфіі, зробленыя больш за сто гадоў таму беларускім вынаходнікам Якубам Наркевічам-Ёдкам. Ён жыў і рабіў свае адкрыцці ў маёнтку пад назвай Наднёман. Альбом быў запісаны ў студыі «Нёман-9», дзе, нібы працягваючы гэты даўні досвед, таксама нараджаліся свае адбіткі — музычныя: то змрочныя, то іскрыстыя.

З вялікай любоўю і здзіўленнем перад цудамі свету і прыгажосцю кожнага, хто гэты свет насяляе, альбом прысвечаны, у тым ліку, і гэтаму навукоўцу — з надзеяй пазнаёміць з яго спадчынай як мага больш людзей.

Асноўнае гучанне альбома пераклікаецца з электраграфіямі Наркевіча-Ёдкі. Скрозь цёмны, даволі змрочны фон прабіваюцца іскры і стрыманае ззянне. Такі і дыяпазон песень — ад самых адчайных да самых светлых, напоўненых надзеяй.

Акустычныя і электрагітары, бас, розныя сінтэзатары, гармонік, укулеле, жывая і электронная перкусія, духавыя інструменты і разнастайныя гукавыя эфекты ствараюць вельмі неаднароднае і шматслаёвае музычнае палатно. Кожная песня — асобны маленькі фільм са сваёй гісторыяй і сваёй стылістыкай.

Вызначыць гэты альбом адным музычным стылем рашуча немагчыма.

Музычная журналістка і пісьменніца Таццяна Заміроўская так апісвае «Карову белую»:

«Нібыта гаворка стала настолькі бяссільнай, што можна не думаць пра тое, каб узбройваць яе ўпрыгожваннямі і метафарамі, і ты проста размаўляеш з лёсам і яго вестунамі на той мове сімвалаў, якую яны табе прапануюць. І атрымліваецца вялікая паэзія. […] Ці патрэбны такі досвед, каб узнікала такая музыка, — гэтага мы не ведаем. Але калі б не гэтая музыка, мы б не справіліся з такім досведам, не вынеслі б. А цяпер вынесем».

Але, магчыма, важней іншае: нягледзячы на ўсю яго драматычнасць, агульнае ўражанне застаецца светлым. І, перш за ўсё, падтрымліваючым — для ўсіх, хто сёння асабліва мае патрэбу ў надзеі і ўнутранай апоры.

Першы канцэртны тур «Каровы белай»

Адразу пасля рэлізу Света Бень і .К адправяцца ў першы тур з канцэртамі-прэзентацыямі. Абодва музыкі — самастойныя артысты, якія звычайна выступаюць са сваімі ўласнымі праектамі, але дзеля гэтай серыі канцэртаў яны аб’яднаюцца, каб выканаць песні «Каровы белай» у гучанні, максімальна набліжаным да альбомнага.

28.08 — Berlin — Haus der Statistik
11.09 — Warszawa — Klub Mechanik
13.09 — Kraków — Alchemia
17.09 — Poznań — Pan Gar
19.09 — Szczecin — Storrady
20.09 — Gdańsk — Czudner Spot

Набыць квіткі на канцэрты можна тут.

У запісе таксама ўдзельнічалі: D. Brizo — бас-гітара, «Tulpen» Міша Кузняцоў — труба, «Tulpen» Саша Драгавоз — вакал, «Зорачка» Ілля Чарапко — вакал, «Слово», «Котики не плачут» Пафнуцій — валторна, «В пылающих полях» Міша Радзівонаў — вакал і ўдзел у аранжыроўцы, «21 грамм» , Tobias Link — трамбон, «21 грамм».

Дызайн вокладкі — Here Today Studio.

Слухаць «Карову белую» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!