Журналістку Ціну Палынскую і яе дачку Маргарыту Рабіновіч унеслі ў спіс «экстрэмістаў»

МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 17 чалавек. Сярод іх — журналістка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч, якіх у сакавіку прысудзілі да двух гадоў калоніі паводле артыкула аб стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім.

Цяпер у «экстрэмісцкім спісе» 6620 прозвішчаў.

Палынская і яе старэйшая дачка былі затрыманыя ў маі 2025 года. Раней паведамлялася, што крымінальная справа супраць іх можа быць звязаная з прызнаннем «Беларускай аналітычнай майстэрні» прафесара Андрэя Вардомацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Арганізацыя займалася сацыялагічнымі апытаннямі.

Ціна Палынская даўно не займалася журналістыкай, выхоўвала дачок, працавала ў архівах, у тым ліку расійскіх, выконваючы прыватныя замовы па стварэнні біяграфічных нарысаў, сямейных кніг, гісторый пра ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны.

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!