Польшча працуе над падаўжэннем дзеяння польскага праязнога дакумента

Польшча працуе над падаўжэннем дзеяння польскага праязнога дакумента для іншаземцаў да трох гадоў. Пра гэта заявіў кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл 23 сакавіка. У сустрэчы прымалі ўдзел намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка, кіраўніца аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская і дарадца па прававых пытаннях НАУ Міхаіл Кірылюк.

«Кіраўнік паведаміў, што ўсё яшчэ вядзецца праца над падаўжэннем тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента — плануецца павялічыць яго да 3 гадоў. Канкрэтныя тэрміны пакуль не вядомыя, аднак сам факт далейшага руху ў гэтым кірунку — ужо добры сігнал», — напісала Дабравольская па выніках сустрэчы.

Прадстаўнік Упраўлення па справах іншаземцаў таксама растлумачыў, у якіх выпадках іншаземцы, што падалі заяву на міжнародную абарону, маюць права працаваць і ці могуць выязджаць з Польшчы.

Выезды падчас працэдуры міжнароднай абароны магчымыя, калі ў іншаземца ёсць дзейны від на жыхарства і праязны дакумент (пашпарт або польскі праязны дакумент). У такіх выпадках кароткатэрміновыя выезды не павінны станавіцца прычынай закрыцця справы па міжнароднай абароне.

Працаваць падчас чакання рашэння па міжнароднай абароне можна, калі справа іншаземца разглядаецца больш за шэсць месяцаў. У гэтым выпадку іншаземец мае права падаць заяву на атрыманне дазволу на працу. Гэта таксама датычыцца людзей, у дачыненні да якіх вынесена рашэнне аб перадачы па Дублінскім рэгламенце, але яно было абскарджана, і тых, у каго адміністрацыйны суд адмяніў рашэнні абедзвюх інстанцый.

«Важна: усё вышэйапісанае — гэта вусная інтэрпрэтацыя. Яна не з’яўляецца крыніцай права і не мае абавязковай юрыдычнай сілы. Таму да гэтай інфармацыі варта ставіцца з асцярогай, і ў кожным канкрэтным выпадку лепш пракансультавацца з юрыстам», — звяртае ўвагу Дабравольская.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!