Фото: Reform.by
Польшча адмовілася зняць санкцыі з трох беларускіх грамадзян і дзвюх кампаній. Яны былі ўведзеныя ў кастрычніку мінулага года.
Санкцыі спрабавалі аспрэчыць Андрэй Карповіч, Уладзімір Ляшчук і Вераніка Пенталь, з якімі звязаныя кампаніі STEELTRADE Sp. z o.o. і OMNI GRP Sp. z o.o.
У абгрунтаванні ўвядзення абмежавальных мер польскім бокам гаварылася, што названыя кампаніі займаюцца гандлем металічнымі вырабамі, гідраўлічным і ацяпляльным абсталяваннем і інш. Пры гэтым частка паставак, якія ішлі ад імя гэтых кампаній у трэція краіны, у выніку апыналася ў Расіі. Яны рээкспартаваліся юрыдычнымі асобамі з Казахстана і Кітая.
У хадайніцтвах, пададзеных у канцы года, падсанкцыйныя асобы настойвалі на тым, што не аказваюць падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны, не звязаныя з асобамі, якія непасрэдна падтрымліваюць такую агрэсію, не ўдзельнічаюць у пастаўках у адрас РФ праз праэкспарт, а санкцыі польскага боку недастаткова абгрунтаваныя.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі запытаў дадатковае меркаванне Нацыянальнай падатковай службы і ў выніку адмовіў у задавальненні хадайніцтва.