БелАЭС. Фото: Reform.by
Першы энергаблок БелАЭС адключаць на планава-папераджальны рамонт 15 студзеня, паведамляе Мінэнерга.
Плануецца перазагрузіць ядзернае паліва ў актыўнай зоне рэактара і замяніць частку адпрацаваных цеплаадводных зборак.
«У ходзе планава-папераджальнага рамонту першага энергаблока будзе выканана дыягностыка і тэхнічнае абслугоўванне больш як 10 тыс. адзінак тэхналагічных сістэм і абсталявання — рэактарнага, турбіннага, электратэхнічнага, вентыляцыйнага, прылад аўтаматыкі і вымярэнняў. Акрамя таго, будзе ажыццёўлены эксплуатацыйны кантроль металу і зварных злучэнняў», — паведамляе міністэрства.
З 13 лістапада 2025 года па 10 студзеня на планавым рамонце знаходзіўся другі энергаблок станцыі.
Такі падыход забяспечвае эфектыўны графік работ рамонтнага персаналу, правядзенне неабходных тэхналагічных аперацый ва ўстаноўленыя рэгламентам тэрміны, лічыць Мінэнерга.