У МУС Літвы не лічаць неабходным адмяняць рэжым НС, уведзены з-за метэазондаў

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што не бачыць падстаў для адмены рэжыму надзвычайнай сітуацыі, уведзенага ў краіне з-за наплыву метэазондаў з кантрабандай. Паводле яго слоў, дзеянне асаблівага рэжыму па-ранейшаму неабходнае для кантролю абстаноўкі, піша Delfi.

«Пакуль я не бачу неабходнасці (адмяняць рэжым надзвычайнай сітуацыі), таму што гэта сапраўды дапамагае нам прымаць рашэнні, падключаючы вайскоўцаў. Арміі патрабуецца наяўнасць такой сітуацыі, — сказаў міністр журналістам. — Гэта не прычыняе дадатковых нязручнасцяў насельніцтву, але дапамагае адпаведным чынам рэагаваць на сітуацыю».

Надзвычайная сітуацыя была абвешчана на ўсёй тэрыторыі Літвы на фоне крызісу з метэазондамі з кантрабандай, якія ляцяць з Беларусі.

У апошнія месяцы пагрозы, звязаныя з метэазондамі, неаднаразова прыводзілі да часовага спынення працы Вільнюскага аэрапорта. Акрамя таго, у Беларусі затрымаліся сотні грузавікоў, зарэгістраваных у Літве і іншых краінах Еўрапейскага саюза. У знак пратэсту перавозчыкі і іх прафесійныя аб’яднанні, у тым ліку асацыяцыя Linava, запатрабавалі ад уладаў прыняць тэрміновыя меры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!