Скриншот видео t.me/bel_buj
Праўладная партыя «Белая Русь» выступіла з заявай, асудзіўшы ваенную аперацыю ЗША і Ізраіля супраць Ірана.
У ёй выказаныя спачуванні ў сувязі з гібеллю вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі, ваенных камандзіраў, дзяржаўных дзеячаў і мірных грамадзян, а таксама заклікана да неадкладнага спынення баявых дзеянняў і ўрэгулявання канфлікту дыпламатычнымі сродкамі.
“Мы лічым, што падобныя дзеянні вядуць да дэстабілізацыі рэгіёна, пагаршаюць міжнародную абстаноўку і ставяць пад пагрозу бяспеку мільёнаў мірных жыхароў”, — гаворыцца ў тэксце.
“Лічым, што цынічныя наўмысныя забойствы людзей у выніку нападу без абвяшчэння вайны не маюць ніякіх апраўданняў і непазбежна будуць асуджаныя чалавецтвам”, — дадалі прадстаўнікі партыі.
«Белая Русь» таксама заклікала «ўсе разважлівыя палітычныя сілы» аб’яднацца ў асуджэнні ўдараў па Іране.
Як паведамляе праўладны Беларусскі саюз журналістаў, каля іранскага пасольства ў Мінску арганізавалі месца памяці.
“Словы спачування і падтрымкі іранскаму народу праз дыпламатаў ісламскай рэспублікі выказалі прадстаўнікі беларускай партыі «Белая Русь» і Кампартыі, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, старшыня і лідары меркаванняў Беларускага саюза журналістаў, экспертнай супольнасці і нацыянальнай блогасферы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Інфармацыі пра спачуванні, накіраваныя Ірану Аляксандрам Лукашэнкам, не паступала.
Нагадаем, Іран афіцыйна пацвердзіў гібель вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі, галоўнакамандуючага КСІР Махамада Пакпура, сакратара Савета абароны адмірала Алі Шамхані, начальніка Генштаба ўзброеных сіл Абдульрахіма Мусаві, міністра абароны Ірана Азіза Насірзадэ.