Фото: Facebook
Памёр вядомы беларускі лінгвіст, палітык і дыпламат Пётра Садоўскі. Яму было 87 гадоў. Пра смерць Садоўскага паведаміла яго дачка Аліна.
«Сябры, позна ўвечары памёр у хоспісе мой бацька Пётра Садоўскі. Развітанне заўтра, паведамлю дадаткова», — напісала яна ў Facebook.
Пётра Садоўскі нарадзіўся ў 1939 годзе. Ён скончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Мінскі педагагічны інстытут замежных моў. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па філалогіі. Працаваў выкладчыкам у ВНУ.
У 1990 годзе Садоўскі быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, у якім уваходзіў у фракцыю БНФ. Ён узначальваў камісію па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях. У 1992–1994 гадах быў паслом Беларусі ў Германіі.
Да пачатку 1996 года заставаўся дэпутатам парламента, удзельнічаў у дэпутацкай галадоўцы.
У 2008 годзе выйшлі яго мемуары «Мой шыбалет».
Напрыканцы 2019 года ўдзельнічаў у акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй.