Паміж Беларуссю і Расіяй пачалі курсіраваць прыгарадныя цягнікі

Па маршрутах Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск пачалі курсіраваць прыгарадныя пасажырскія цягнікі, паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі. Запуск вырашылі прымеркаваць да 30-годдзя “яднання народаў Беларусі і Расіі”.

Старт руху дадзены на пляцоўцы Міжнароднага транспартна-лагістычнага форуму ў рэжыме тэлемоста з удзелам міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксея Ляхновіча і начальніка Беларускай чыгункі Валерыя Верэніча. З расійскага боку ў цырымоніі ўдзельнічалі намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі Максім Арэшкін, віцэ-прэм’ер Віталій Савельеў, кіраўнік міністэрства транспарту Андрэй Нікіцін і генеральны дырэктар РЧ Алег Белаазёраў. У Оршы першы цягнік са Смаленска сустрэнуць урачыстым мітынгам.

З-за адсутнасці перасадак час у дарозе скарачаецца на 1,5–3 гадзіны. На маршруце Орша — Смаленск будуць выкарыстоўвацца электрацягнікі серыі ЭП3Д, на маршруце Віцебск — Смаленск — дызель-цягнікі серыі РА-3. Для грамадзян абедзвюх краін захоўваецца бясплатны або льготны праезд.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!