Падрыхтоўка візіту Ціханоўскай ва Украіну працягваецца

Падрыхтоўка візіту ва Украіну працягваецца. Пра гэта заявіла журналістам Святлана Ціханоўская на палях Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. Паводле яе слоў, адносіны ў беларускіх дэмсіл з украінскім бокам добрыя.

“Усё добра на ўкраінскім кірунку. Калі мы кажам пра нашыя стасункі, бо, канечне, сітуацыя далёкая ад добрай у самой краіне. І, канечне, мы захапляемся мужнасцю. Украінцаў, ваяроў і нашых беларускіх добраахвотнікаў, якія там зараз змагаюцца. Рыхтуем мой візіт. Мы так зразумелі, што не ўсё так проста з гэтым, бо ёсць лагістычныя складанасці, і таксама графік прэзідэнта Зяленскага. Але ж мы на сувязі з прэзідэнтурай, з міністэрствамі, на сувязі з нашымі беларусамі ва Украіне, каб калі ўжо будуць зразумелыя пэўныя даты, мы змаглі ўсё арганізаваць у лепшым выглядзе”, – сказала яна.

Нагадаем, інфармацыя пра запрашэнне для Ціханоўскай наведаць Кіеў з’явілася пасля яе сустрэчы з прэзідэнтам Украіны ў Вільні. Пазней яно было пацверджана. Была інфармацыя, што такі візіт можа адбыцца напрыканцы сакавіка. Аднак у Офісе Ціханоўскай тады заявілі, што ёсць даты, па якіх вядзецца праца, аднак яны не называліся.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!