Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская ва ўступным слове на Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, якая сёння адкрылася ў Варшаве, заклікала надаць увагу транснацыянальным рэпрэсіям. Яна таксама выказала надзею на паспяховую працу Каардынацыйнай рады новага склікання.
“Я рада вітаць старых сяброў, але і, канечне, вельмі радая бачыць шмат новых абліччаў. Мы бачым, што прэзентаваць свае праекты прыехалі прадстаўнікі розных суполак, якіх мы даўно чакалі з ЗША, Грузіі, Германіі і іншых краінаў. Наш рух як жывы арганізм, ён мяняецца.
Ён развіваецца, узмацняецца, змяняюцца знешнія абставіны, Змяняемся і мы. Колькі нас не душаць, рэпрэсіямі не палохаюць, не спрабуюць разбурыць нашу еднасць, мы з вамі працягваем упарта рабіць сваю беларускую справу. І вы ведаеце, чаму я ўпэўненая, што ў нас усё атрымаецца, таму што мы, беларусы, заўзятыя рамантыкі”, – прывітала яна ўдзельнікаў канферэнцыі.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларусам за мяжой удалося стварыць сістэму інстытутаў і арганізацый, якой зайздросцяць іншыя народы. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ўдалося зрабіць за год пасля папярэдняй канферэнцыі.
“Мы можам не заўважаць нашых поспехаў нашых дасягненняў і не ўсведамляем нашую калектыўную сілу. Многія дыяспары і рухі, якія ў свеце, якія апынуліся прыкладна ў такой жа самай сітуацыі, нам зайздросцяць. І раней было так: мы глядзелі на іншых, зараз многія вучацца ўжо ў нас. Мы маем народныя амбасады. Мы маем місіі. Мы выдаём пашпарты, працуюць дэлегацыі у парламенцкіх асамблеях, дзейнічаюць праграмы дапамогі і фонды салідарнасці. Мы з вамі стварылі сістэму. Так, сістэма не ідэальная, канешне, але яна працуе і дае свой плён.
Калі зазірнуць у выніковы дакумент мінулай канферэнцыі, то можна пабачыць, колькі было запушчана праектаў і нарадзіліся яны менавіта на канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. За гэты год нам з вамі ўдалося вырашыць праблемы з дакументамі і легалізацыяй у шэрагу краін. Недзе пачалі выдаваць пашпарты замежніка, а недзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Апошні год быў таксама паспяховы на палітычныя дасягненні і мала хто мог сабе ўявіць, што міжнародны крымінальны суд запусціць справу супраць Лукашэнкі. Таксама, што адбудзецца такі паварот у нашых стасунках з Украінай”, – сказала яна.
Святлана Ціханоўская таксама звярнула ўвагу на тое, што за год з мінулай канферэнцыі на волю выйшлі многія палітвязні, у тым ліку Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі, Ігар Лосік, Кацярына Андрэева.
“Асабліва радаснымі былі для нас апошнія дні, бо на волю выйшаў наш польска-беларускі герой Анджэй Пачобут. І пасля вызвалення Сяргея менавіта яго партрэт я найчасцей насіла на сваёй папцы. А сёння на маёй папцы Сцяпан Латыпаў. Мы памятаем, што за кратамі застаюцца больш за 900 чалавек, і мы павінны працягваць працаваць разам, разам з вамі, разам з нашымі амерыканскімі і еўрапейскімі саюзнікамі, каб кожны і кожная апынуліся на волі. І каб мы ўсе змаглі вярнуцца дадому”, – дадала яна.
Разам з тым праблем у беларусаў замежжа застаецца шмат. Адна з іх — транснацыянальныя рэпрэсіі, якім Ціханоўская прапанавала надаць асаблівую ўвагу на канферэнцыі.
“На жаль, на Беларусь працягваюць глядзець праз прызму вайны і бяспекі, і мы сутыкаемся з новымі выклікамі штодня: праблемамі легалізацыі адкрыцця банкаўскіх рахункаў доступу да адукацыі. З іншага боку, рэжым працягвае вайну супраць беларусаў, і мы нават за мяжой не можам сябе адчуваць у бяспецы. Мапа бяспечных краін на прыкладзе на сайце пашпарт.орг стала нязменным інструментам для многіх беларусаў пры падарожжах. За апошні год нам з вамі давялося ратаваць дзясяткі людзей ад экстрадыцыі ад пераследу праз Інтэрпол і іншых формах транснацыянальных рэпрэсій. І таму я б сёння прапанавала дадаць больш увагі тэме транснацыянальных рэпрэсій.
У гэтым годзе зрабіце яе адной з прыярытэтных. Бо тут, канечне, патрэбная сістэмная праца. Актыўная адвакацыі не толькі палітыкаў, але і дыяспары. Без моцнага міжнароднага ціску рэжым не зменіць сваёй палітыкі. Ён працягне ствараць новыя і новыя пагрозы для нашай супольнасці. І таму нам, канечне, як заўжды, трэба набрацца цярплівасці, закатаць рукавы і працаваць, працаваць і працаваць”, – сказала яна.
Ціханоўская таксама закранула будучыя выбары ў Каардынацыйную раду, якія пройдуць 11-17 мая.
“Я вельмі спадзяюся, што новы склад Каардынацыйнай Рады прынясе свежае дыханне ў наш рух. Я падтрымліваю кожнага і кожную, хто будзе ўдзельнічаць як кандыдат ці проста галасаваць за ўлюбёны спіс. І часам, канечне, я чую, навошта нам тая Каардынацыйная рада, як яна дапаможа вырашыць нашыя пытанні. Але Каардынацыйная рада, гэта, канешне, не панацэя. Гэта інструмент, які мы з вамі стварылі, і яе карысць будзе залежаць ад таго, каго мы абярэм у склад Каардынацыйнай рады і як будзем удзельнічаць у яе працы”, – сказала яна.
Варта адзначыць, што перад месцам правядзення канферэнцыі сёння сабралася некалькі апанентаў Ціханоўскай, якія крытыкавалі яе. Таксама некалькі чалавек дэманстравалі адпаведныя плакаты падчас яе выступлення.