Падлетка з Мінска будуць судзіць за крадзеж дзясяткаў тысяч еўра і долараў

Пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да непаўналетняга жыхара Мінска. Ён абвінавачваецца ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Агульны памер шкоды склаў 332 тыс. рублёў.

Паводле версіі абвінавачання, 15-гадовы юнак восенню 2025 года неаднаразова прыходзіў у госці да сваёй знаёмай. Падчас аднаго з візітаў ён заўважыў на тумбачцы канверт, у якім былі грошы. Падлетак скраў яго. У ім знаходзілася 18,8 тыс. долараў.

Падчас яшчэ аднаго з візітаў юнак прайшоўся па кватэры і знайшоў у пакоі бацькоў знаёмай заплечнік з 80 тыс. еўра. Гэтыя грошы ён таксама скраў.

“У далейшым юнак расказаў пра наяўнасць буйной сумы свайму прыяцелю і яго бацькам, аднак пра сапраўднае паходжанне грашовых сродкаў не паведамляў. Прыкметна, што бацькі прыяцеля ў пунктах абмену канвертавалі замежную валюту і перадавалі грошы абвінавачанаму”, – дадалі ў пракуратуры.

Сродкі падлетак расходаваў на асабістыя патрэбы, у тым ліку на наведванне ўстаноў, куплю адзення.

Да падлетка ўжыта мера стрымання ў выглядзе перадачы непаўналетняга пад нагляд.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!