Беларускія праваабаронцы: Ануляванне пашпартоў можа разглядацца як частка злачынстваў супраць чалавечнасці

Кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый выступіла з заявай у сувязі з ануляваннем пашпартоў былых палітвязняў, прымусова высланых з Беларусі пасля вызвалення ў верасні і снежні 2025 года.

Паводле меркавання праваабаронцаў, ануляванне пашпартоў — гэта не проста адмова дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмыснае злоўжыванне ўладай. Арганізацыі ўказваюць, што людзі, якія ўжо падвергліся крымінальнаму пераследу і прымусовай высылцы, такім чынам сутыкаюцца з дадатковымі рэпрэсіямі. Адсутнасць дзеючага пашпарта фактычна пазбаўляе чалавека юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, права на сямейнае жыццё і ўласнасць.

“Нягледзячы на тое, што адсутнасць дзеючага пашпарта дэ-юрэ не цягне страты грамадзянства, яна стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства (de facto statelessness), закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі яго многіх базавых правоў”, – падкрэсліваюць аўтары.

Праваабаронцы называюць тое, што адбываецца, праявай асаблівага цынізму ўладаў, якія імкнуцца любымі спосабамі пагоршыць становішча палітычна пераследаваных грамадзян. Аўтары адзначаюць, што сама па сабе прымусовая высылка парушае як беларускае заканадаўства, так і міжнародныя абавязацельствы краіны.

Праваабаронцы таксама нагадалі пра дзеянне ўказа № 278 ад 2023 года, які пазбавіў беларускія замежныя ўстановы права выдаваць і абменьваць пашпарты. У выніку тысячы грамадзян Беларусі, у тым ліку нованароджаныя дзеці, застаюцца без дакументаў, якія сведчаць асобу. Колькасць такіх людзей пастаянна павялічваецца.

Праваабаронцы таксама ўказваюць, што ануляванне пашпартоў можа разглядацца як частка дзяржаўнай палітыкі, якая ў кантэксце расследавання Міжнароднага крымінальнага суда па сітуацыі Літва/Беларусь кваліфікуецца як элемент злачынстваў супраць чалавечнасці.

Кааліцыя заклікала ўлады Беларусі спыніць практыку анулявання пашпартоў, аднавіць іх дзеянне і адмяніць указ №278. Міжнародным арганізацыям і замежным дзяржавам, у тым ліку ўдзельнікам перамоваў па вызваленні палітвязняў, праваабаронцы прапанавалі разглядаць падобныя дзеянні як форму трансгранічных рэпрэсій, аказваць дыпламатычны ціск і садзейнічаць легалізацыі пацярпелых грамадзян за мяжой.

Заяву падпісалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Lawtrend, Human Constanta, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!