Падаткі для гандлю ў сельскай мясцовасці зменшылі ўдвая

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ №277 ад 20 жніўня “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў”.

Ім устаноўлены льготы для арганізацый гандлю і ІП, якія працуюць у сельскай мясцовасці.

У адпаведнасці з указам льготы будуць дзейнічаць да 1 студзеня 2029 года.

Прыбытак ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг, атрыманы на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў, будзе абкладацца падаткам на прыбытак па стаўках, зменшаных на 50%. Таксама на 50% зменшыцца стаўка падаходнага падатку для ІП, якія займаюцца гандлем.

Акрамя таго, прадастаўляецца вызваленне ад падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Пералік тэрыторый, на якіх будуць прымяняцца гэтыя льготы, вызначаць абласныя Саветы дэпутатаў.

Юрыдычныя асобы і ІП таксама атрымліваюць права весці гандаль алкагольнымі напоямі, незалежна ад плошчы гандлёвага аб’екта і ў аўталаўках.

Указам таксама ўстаноўлены асаблівасці выканання абмежавання на долю гандлёвай сеткі, асаблівасці ўстанаўлення тарыфаў на электраэнергію і інш.

Для мэт указа пад тэрыторыяй малых гарадскіх паселішчаў разумеецца тэрыторыя ПГТ і гарадоў, сярэднегадавая колькасць насельніцтва на якой у 2025 годзе складала больш за 2 тыс., але менш за 10 тыс. чалавек. Тэрыторыя сельскай мясцовасці – тэрыторыя, за выключэннем гарадоў і ПГТ, насельніцтва на якой не перавышала ў 2025 годзе 2 тыс. чалавек.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!