Анджей Почобут. Скриншот эфира Польского радио.
Нядаўна вызвалены з беларускай турмы журналіст Анджэй Пачобут збіраецца вярнуцца ў Беларусь да восені 2026 года. Пра гэта ён распавёў у эфіры праграмы “Труйка” Польскага радыё.
Вядучая Агнешка Ласкоўска спытала ў Анджэя Пачобута, ці вызначыўся ён з датай вяртання ў Беларусь. На што той адказаў, што вернецца да з’езда «Саюза палякаў на Беларусі».
“Ёсць яшчэ некалькі пытанняў, якія пакуль не ўрэгуляваныя, і толькі пасля іх вырашэння я змагу паехаць. У мяне ёсць пэўныя абавязацельствы, бо для майго вызвалення былі прыкладзеныя велізарныя намаганні. Таму калі трэба наведаць Брусель або нейкае іншае месца, я, вядома, гатовы паехаць туды і распавесці пра сітуацыю, у якой знаходзіўся, і гэтак далей.
Але безумоўна, я хацеў бы, каб гэта адбылося як мага хутчэй, каб як мага хутчэй вырашыць усе гэтыя пытанні і паехаць у Гродна. Без сумневу, я вярнуся ў Гродна да з’езда Саюза палякаў, які павінен адбыцца найбліжэйшым часам — найхутчэй, восенню. І да гэтага з’езда я ўжо павінен быць у Беларусі. Гэта такі дэдлайн”, — распавёў Пачобут.
Журналістка ўдакладніла ў яго, як той ставіцца да папрокаў з-за яго жадання вярнуцца ў Беларусь. Прыводзім пераклад гэтага фрагмента цалкам.
Ласкоўска: Вы кажаце, што былі прыкладзеныя велізарныя намаганні для вашага вызвалення. І, думаю, вы ўжо чулі аргумент, што доказам вашай удзячнасці за гэтыя намаганні павінна быць тое, што вы застаняцеся тут, у Польшчы. Што вы адказваеце, калі чуеце такія словы або чытаеце іх у інтэрнэце?
Пачобут: Сутнасць справы ў тым, што ўмовай майго выезду была магчымасць вяртання ў Беларусь. Калі б такой магчымасці не было, я б не прыняў гэтую прапанову. Я маю намер прытрымлівацца тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў Беларусі ў кантэксце гэтай справы. Для польскага боку зусім не было нечаканасцю, што я захачу вярнуцца ў Беларусь. Калі б гаворка ішла толькі пра мой выезд, гэта адбылося б яшчэ ў 2021, 2022 або 2023 годзе.
Сутнасць была ў тым, што менавіта мая адмова з’язджаць прыводзіла да таго, што справа так зацягвалася. Толькі пасля падключэння амерыканскай дыпламатыі, амерыканскіх дыпламатаў і тых перамоў, якія цяпер вядуцца паміж Вашынгтонам і Мінскам, беларускі рэжым пагадзіўся на тое, каб я мог вярнуцца ў Беларусь, каб я мог заставацца ў Беларусі. Я разумею, што з пункту гледжання прапаганды ім было важна абмяняць мяне на кагосьці. Беларускаму боку было важна неяк гэта разыграць. Але я не прасіў памілавання, не прызнаваў віны, а тэрмін майго зняволення ўжо набліжаўся да канца. Мне заставалася правесці ў турме крыху больш за паўтара года.