Фото: t.me/vorobiev_live
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра маштабную атаку беспілотнікаў на Маскву і Маскоўскую вобласць. Паводле яго слоў, у выніку траплення, паводле папярэдніх даных, параненыя 12 чалавек.
“У асноўным, каля прахадной МНПЗ [Маскоўскага нафтаперапрацоўчага завода], пацярпела змена будаўнікоў. Тэхналогія завода не парушаная. Пашкоджаныя тры дамы. Сіламі СПА Мінабароны працягваецца адбіццё маштабнай атакі. За апошнія суткі збіта больш за 120 БПЛА”, — напісаў ён у Telegram.
Момант удару па Маскоўскім НПЗ. Відэа: @exilenova_plus
Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб’ёў паведаміў пра трох загінулых у Падмаскоўі. У Хімках у выніку траплення дрона ў прыватны дом у мікрараёне Старбеева загінула жанчына, яшчэ адзін чалавек апынуўся пад заваламі.
У вёсцы Пагарэлкі Мыцішчынскага раёна беспілотнік трапіў у дом, які будаваўся, — загінулі мужчына і жанчына, пашкоджаны суседні дом. У мікрараёне Пуцілкава ў Краснагорску дрон трапіў у шматкватэрны жылы дом, пацярпелі некалькі кватэр, жыхары не пацярпелі.
У Істры беспілотнікі паразілі шматкватэрны дом у Дзедаўску і шэсць прыватных дамоў у пасёлку Аграгарадок — пацярпелі трое мужчын і адна жанчына. У вёсцы Субоціна Нара-Фамінскай акругі ад падзення дрона загарэўся прыватны дом, пацярпелых няма.
Акрамя таго, атакаваныя інфраструктурныя аб’екты ў некалькіх муніцыпалітэтах.
Пад удар трапіла солнечнагорская нафталінейная станцыя ў Дурыкіне.
Відэа: @exilenova_plus
Відэа: @exilenova_plus
У Зеленаградзе зафіксавана трапленне ў жылую шматпавярхоўку, піша Astra. Таксама паведамляецца пра трапленне ў жылую шматпавярхоўку на вуліцы Міхайлава ў Маскве. Згодна з аналізам кадраў ад відавочцаў, адзін з пажараў узнік у мясцовым тэхнапарку «Элма».
Акрамя таго, пажар пасля атакі ўзнік на тэрыторыі маскоўскага аэрапорта Шарамеццева. Тут двойчы абвяшчалі план “дыван”.
“Папярэдне, на фота зафіксаваны раён УПП-3 (трэцяя ўзлётна-пасадачная паласа). Што менавіта гарыць, невядома”, — піша рэсурс.
У аэрапорце паведамілі пра «падзенне абломкаў БПЛА».
«Абломкі знаходзяцца на бяспечнай адлегласці ад зон абслугоўвання пасажыраў і паветраных суднаў. На месцы працуюць аператыўныя службы, забяспечваюцца неабходныя меры бяспекі. Пацярпелых і разбурэнняў у раёне аэрапорта няма. Сітуацыя ў пасажырскіх тэрміналах спакойная. Аэрапорт Шарамеццева забяспечвае абслугоўванне пасажыраў і паветраных суднаў у стабільным рэжыме», — заявілі ў паветранай гавані.
У расійскім Мінабароны сцвярджаюць, што за ноч над РФ знішчылі 556 украінскіх беспілотнікаў. БПЛА былі збітыя над тэрыторыямі Белгародскай, Калужскай, Курскай, Арлоўскай, Бранскай, Варонежскай, Тульскай, Смаленскай, Пскоўскай, Ліпецкай, Цвярской, Растоўскай абласцей, а таксама Краснадарскага краю, Маскоўскага рэгіёна, анексаванага Крыма і акваторыямі Чорнага і Азоўскага мораў.
“З 7.00 да 9.00 мск дзяжурнымі сродкамі СПА перахопленыя і знішчаныя 30 украінскіх беспілотных лятальных апаратаў самалётнага тыпу над тэрыторыямі Калужскай, Бранскай, Смаленскай, Пскоўскай абласцей, Маскоўскага рэгіёна, Краснадарскага краю, Рэспублікі Крым і над акваторыяй Азоўскага мора”, — дадалі пазней у ведамстве.