Пачобут і Борыс увайшлі ў склад Рады па справах польскай дыяспары пры прэзідэнце Польшчы

Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут увайшлі ў склад Рады па справах польскай дыяспары і палякаў за мяжой пры прэзідэнце Польшчы. Новы кансультатыўны орган заснаваў прэзідэнт краіны Караль Наўроцкі.

Урачыстая цырымонія адбылася ў прэзідэнцкім палацы ў рамках святкавання Дня сцяга Рэспублікі Польшча і Дня польскай дыяспары і палякаў за мяжой. У гэты дзень таксама былі ўручаны дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам польскай дыяспары.

Старшынёй рады прызначаны Канстанты Радзівіл, яго намеснікамі — Анна Марыя Андэрс і Тадэвуш Антоняк.

Рада павінна стаць пляцоўкай для супрацоўніцтва і кансультацый з прадстаўнікамі дыяспары і экспертамі. Сярод яе задач — падтрымка польскай адукацыі за мяжой, гістарычная дыпламатыя, рэпатрыяцыйная палітыка, а таксама распрацоўка заканадаўчых ініцыятыў у інтарэсах польскіх супольнасцяў па ўсім свеце.

“Уключэнне ў дзейнасць Рады шырокага спектру кандыдатаў, якія прадстаўляюць розныя краіны і маюць розны досвед, павінна дапамагчы зразумець сітуацыю, чаканні і праблемы, з якімі сутыкаюцца палякі, што пражываюць па-за межамі Радзімы, і, як вынік, распрацаваць канкрэтныя рашэнні ў падтрымку нашых суайчыннікаў”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе канцылярыі прэзідэнта.

Наўроцкі падкрэсліў, што траціна польскага народа жыве па-за межамі краіны, і задача дзяржавы — не дапусціць разрыву сувязяў паміж імі і тымі, хто застаецца ў Польшчы.

“Таму я вельмі рады, што была створана новая Рада, якая, з аднаго боку, паказвае, што польская дзяржава ніколі не пакіне палякаў за мяжой. (…) Таму я рады, што ў гэтай Радзе будуць такія выдатныя прафесіяналы, спецыялісты, а перш за ўсё тыя, хто здольны дыягнаставаць патрэбы палякаў па-за межамі Польшчы”, – заявіў ён.

Пасля цырымоніі адбылося першае пасяджэнне рады.

Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой адзначаецца 2 мая з 2002 года. Гэта дзяржаўнае свята было заснавана польскім Сеймам па ініцыятыве польскага Сената.

Нагадаем, у лютым 2023 года Анджэя Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Ён быў вызвалены 28 красавіка ў выніку абмену па формуле 5 на 5.

Анжаліка Борыс была затрыманая ў сакавіку 2021 года. У дачыненні да яе ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 130 КК аб распальванні нянавісці. Праз год яна была вызвалена з СІЗА і пераведзена пад хатні арышт у дом яе маці ў Гродне. У красавіку 2023 года СМІ паведамілі, што Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. У беларускай сталіцы ёй уручылі пастанову аб спыненні крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што нібыта «амніставаў і памілаваў» Борыс.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!