П’яны пасажыр цягніка Віцебск—Мінск ударыў папутчыка нажом у шыю

Ва УСК па Мінскай вобласці назвалі прычыну затрымкі цягніка Віцебск—Мінск, пра якую паведамлялася 12 лютага. Паводле даных следства, 36-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Езярышча Віцебскай вобласці напаў на іншага пасажыра, піша БелТА.

Інцыдэнт адбыўся на станцыі Барысаў каля 18:00. П’яны мужчына, маючы білет на верхняе месца, заняў бакавое. Ён прыставаў да замежніка з распытваннямі і адпускаў непрыстойныя каментары ў адрас дзяўчыны і працягваў пры гэтым ужываць алкаголь, дадаючы яго ў прынесеную правадніцай гарбату.

Паміж ім і суседам пачалася слоўная перапалка. Хуліган стаў пагражаць папутчыку фізічнай расправай. На станцыі Барысаў мужчыны дамовіліся выйсці з цягніка, каб “разабрацца” на вуліцы. Аднак, пакуль цягнік стаяў на станцыі, п’яны пасажыр раптоўна ўстаў і ўдарыў складным нажом у вобласць шыі 45-гадовага ўраджэнца Бярэзінскага раёна. У гэты ж момант састаў крануўся.

Відавочцы пачалі аказваць дапамогу пацярпеламу. Ужо на наступнай станцыі, у Жодзіне, ён быў шпіталізаваны ў рэанімацыю. Медыкі дыягнаставалі ў яго колата-рэзанае раненне шыі з пашкоджаннем сонных артэрый, а таксама яромных вен. Дадзеныя траўмы адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Нападніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Барысаўскі раённы аддзел СК узбудзіў у дачыненні да яго крымінальную справу па ч. 1 арт. 14 і п. 13 ч. 2 арт. 139 (“Замах на забойства з хуліганскіх пабуджэнняў”) КК. Расследаванне абставін здарэння працягваецца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!