Вызваленую па «памілаванні» грамадзянку Украіны ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў»

МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 37 чалавек.

Сярод іншых, у пералік унеслі грамадзянку Украіны Марыю Місюк — былую палітзняволеную, вызваленую па “памілаванні” ў лістападзе мінулага года разам з яшчэ 30 украінскімі грамадзянамі.

Непаўналетнюю Марыю Місюк затрымалі ў сакавіку 2024 года. 29 красавіка 2024 года на дзяржТБ выйшаў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам», дзе паведамілі пра затрыманне 7 падлеткаў за «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі». Некаторых з іх абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве».

У фільме распавялі, што 6 падлеткаў нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку «Чорныя салаўі», якую «пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны» стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Яе прыгаварылі да 13 гадоў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса — Акт тэрарызму.

Цяпер у спісе 6298 прозвішчаў.

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!