Орда паедзе паслом у Манголію

Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў новага пасла Беларусі ў Манголіі. Ім стане былы кіраўнік ФПБ Міхаіл Орда.

Орда кіраваў Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі да 2024 года. Тады ён прайшоў у Палату прадстаўнікоў. Яго на чале ФПБ змяніў Юрый Сянько.

У 2020 годзе ў якасці кіраўніка ФПБ Орда ўзначальваў перадвыбарчую групу Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка, накіроўваючы Орду ў Манголію, зрабіў выгляд, што здзівіўся згодзе былога прафсаюзнага лідара адправіцца паслом у далёкую краіну.

“Што датычыцца Манголіі, для мяне было дзіўна, што ты пагадзіўся туды паехаць. Але мне сказалі, што ты ледзь не мангол – добра ведаеш Манголію і гатовы працаваць, даваць вынік. У нас бліскучыя адносіны з кіраўніцтвам Манголіі. Прэзідэнт там зямны, добры, толковы. Але з Манголіяй трэба пачынаць працаваць”, – сказаў ён.

Таксама сярод сённяшніх прызначэнняў перастаноўкі ў Міністэрстве інфармацыі, Міністэрстве культуры і дзяржагенцтве БелТА.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!