Валерия (Lanalourenc).
23-гадовая онліфанс-мадэль з Беларусі Валерыя знікла ў Тайландзе. Яна ўжо тыдзень не выходзіць на сувязь з роднымі і сябрамі, паведамляе тэлеграм-канал SHOT.
Блізкія асцерагаюцца, што яе маглі прадаць у рабства ў суседнюю М’янму.
Паведамляецца, што ў 2023 годзе Валерыя пераехала ў Патаю. Дзяўчына зарабляла на продажы эратычнага кантэнту на платформе OnlyFans пад нікам Lanalourenc і арганізацыяй вечарынак. У кастрычніку мінулага года Лера пераехала ў Пхукет.
Пасля 13 студзеня мадэль перастала выходзіць на сувязь з роднымі і блізкімі. Дзяўчына не адказвае на паведамленні, пры гэтым яны адзначаюцца ў месенджары як прачытаныя. Блізкія сцвярджаюць, што Лера магла часам надоўга знікаць, але пры гэтым цалкам сувязь ніколі не абрывала.
Паводле слоў сяброў, у апошні час Валерыя звязалася з сумнеўнымі людзьмі і магла ўжываць наркотыкі.
Нагадаем, 15 кастрычніка 2025 года стала вядома пра зніклую ў М’янме 26-гадовую беларуску Веру Краўцову. Расійскія СМІ паведамлялі, што яна прыляцела ў Бангкок на працу, але апынулася ў скам-цэнтры ў М’янме. Сувязь з ёй знікла 4 кастрычніка, а родным паведамілі пра смерць дзяўчыны. Сцвярджалася, што дзяўчыну нібыта прадалі на органы.
Дапоўнена
«Наша Ніва» звяртае ўвагу, што дзяўчыне 22 гады. Паводле інфармацыі выдання, яе няправільна называць онліфаншчыцай — яна сапраўды калісьці спрабавала прадаваць гарачыя здымкі, але на іншых падобных платформах. Яна ўжо гэтым не займаецца, яе акаўнты схаваныя або выдаленыя.
Журналіст «Нашай Нівы» пад выглядам зацікаўленага чалавека напісаў дзяўчыне ў адзін з акаўнтаў.
«Са мной усё добра, я не ў рабстве. Я не ведаю, адкуль узялася гэтая інфармацыя.
Я думаю, што хтосьці точыць на мяне зуб. Таму што інакш растлумачыць тое, што інфармацыя з’явілася і так разляцелася за пару гадзін, я не магу», — адказала дзяўчына.
Яна цяпер не ў Патаі і не ў Пхукеце, аднак на пытанні пра сваё месцазнаходжанне дзяўчына не адказала. Яна сцвярджае, што інфармацыя тэлеграм-канала Shot не праўдзівая.