Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе, прысвечанай ініцыятыве “Адзін раён – адзін праект”, вырашыў выступіць у ролі абаронцы чыноўнікаў ад шматлікіх кантралёраў.
У сваім уступным слове ён згадаў “пустую кантрольна-маніторынгавую дзейнасць”, а пазней вырашыў развіць тэму.
“Я проста хачу падкрэсліць – і ўраду, і губернатарам, і асабліва нашым парламентарыям. Васіль Мікалаевіч (Герасімаў, старшыня КДК – заўв.) гэта засвоіў. Мы ні ў якім разе не павінны перайсці нейкую чырвоную лінію ў адносінах з нашым грамадствам і нашымі людзьмі. Ні ў якім разе мы не павінны заціскаць людзей так, што яны (асабліва кіраўнікі) будуць азірацца на кожны шоргат. Людзі хочуць жыць у сваёй краіне свабодна”, – сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў празмерную руплівасць некаторых падначаленых старшыні КДК.
“Такое ёсць, няхай не ў Герасімава, а ў падначаленых, у іншых – прыйсці і паказаць сваю руплівасць. Вось мала не падасца ад гэтай руплівасці”, – працягнуў ён.
Ён дадаў, што на такія факты павінны звяртаць увагу ўрад і аблвыканкамы. Паводле яго слоў, яны не могуць указваць старшыні КДК. Аднак можна звярнуцца да Лукашэнкі, і ён дасць указанне.
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што затрымліваць трэба тых, на каго ў сілавікоў ёсць аператыўная інфармацыя, а не ўсіх запар.
“Калі такой інфармацыі няма, не трэба каваным ботам грукаць у дзверы чалавеку. Ні ў якім разе”, – дадаў ён.
“Ціснуць бязлітасна трэба на хабарнікаў, прайдзісветаў, жулікаў і тых, хто хоча разбурыць краіну. Тут прабачэння не павінна быць ніякага. Але хадзіць і заграбаць граблямі ўсіх, каго трэба і не трэба ў краіне, ні ў якім разе нельга”, – заключыў Лукашэнка.