Не менш за 27 непаўналетніх сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў

Праваабаронцам вядомыя імёны не менш як 27 непаўналетніх, якія сталі фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі. Чацвёра з іх цяпер знаходзяцца ў зняволенні, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе 40 непаўналетніх былі асуджаныя паводле палітычных артыкулаў. З іх 16 чалавек судзілі паводле артыкула аб удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Шэсць чалавек атрымалі прысуды паводле абвінавачання ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці», пяць — паводле артыкула аб распальванні варожасці. Непаўналетніх таксама судзілі паводле абвінавачанняў у акце тэрарызму, абразе Лукашэнкі і здзеку над дзяржаўнымі сімваламі.

У 2024 годзе па «справе Чорных салаўёў» былі затрыманыя сем чалавек, у тым ліку чацвёра непаўналетніх: грамадзянка Украіны Марыя Місюк, а таксама Дзмітрый Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.

Місюк была вызвалена і перададзена Украіне ў лістападзе 2025 года. Праваабаронцам вядомыя падрабязнасці толькі пра адну з тых, хто застаўся ў зняволенні, — Аляксандру Пуліновіч. На момант затрымання ёй было 16 гадоў, яна вучылася ў апошнім класе адной з мінскіх школ. У зняволенні яна працягвала навучанне і здавала цэнтралізаванае тэсціраванне.

Елісей Кузняцоў — яшчэ адзін затрыманы ў непаўналетнім узросце, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні. У 2020 годзе яго абвінавацілі ў тым, што ён кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў міліцэйскі аўтамабіль. Суд прысудзіў хлопцу 2,5 года «хатняй хіміі». У 2022 годзе за парушэнне ўмоў знаходжання на «хатняй хіміі» Кузняцова адправілі ў калонію. Ён вызваліўся напрыканцы 2022 года, але ў 2024 годзе яго прысудзілі да 2,5 года пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў здзеку над дзяржаўнымі сімваламі. У снежні 2024 года тэрмін зняволення быў падоўжаны на год паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!