Фото: Unsplash.com
Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі вызначылі парадак правядзення аддаленай ідэнтыфікацыі кліентаў крыптабанкаў. Адпаведная пастанова ўстанаўлівае правілы праверкі кліентаў без іх асабістай прысутнасці.
Дакумент падрыхтаваны ў адпаведнасці з Палажэннем аб дзейнасці крыптабанкаў, зацверджаным указам прэзідэнта ад 16 студзеня 2026 года № 19 «Аб крыптабанках і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў)».
Згодна з пастановай, крыптабанкі змогуць праводзіць аддаленую ідэнтыфікацыю кліентаў да пачатку абслугоўвання або пры змене іх персанальных даных.
Вызначаны некалькі спосабаў такой ідэнтыфікацыі: з выкарыстаннем звестак міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, Адзінай сістэмы ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб, біяметрычных дакументаў, а таксама з дапамогай біяметрычнай аддаленай ідэнтыфікацыі.
Правілы прадугледжваюць стварэнне электроннай базы даных анкет кліентаў, праверку дакладнасці прадстаўленых звестак і магчымасць прыцягнення агента па ідэнтыфікацыі.
Пры выкарыстанні біяметрычнай аддаленай ідэнтыфікацыі павінны забяспечвацца праверка сапраўднасці дакумента, які сведчыць асобу, а таксама пацвярджэнне прысутнасці самога чалавека.
Крыптабанкі таксама абавязаныя выконваць патрабаванні заканадаўства аб абароне інфармацыі і персанальных даных, кібербяспецы і нормы па супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага паражэння.
Улады разлічваюць, што новы парадак дазволіць крыптабанкам дыстанцыйна абслугоўваць кліентаў з высокай ступенню надзейнасці і пашырыць магчымасці гэтага сегмента фінансавых паслуг, у тым ліку для нерэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, заявілі ў прэс-службе беларускага ўрада.