Скриншот видео
Наступны раўнд перамоваў паміж Украінай, РФ і ЗША таксама адбудзецца ў Швейцарыі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскаму журналісту Пірсу Моргану.
Зяленскі вітаў перанос перамоваў з ААЭ на еўрапейскі кантынент.
“Я заўсёды кажу пра гэта з павагай да Блізкага Усходу і іншых краін, але лічу, што калі вайна ў Еўропе, то і месца трэба шукаць тут. І еўрапейцы павінны адчуваць, што гэта агрэсія супраць нас і супраць Еўропы”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, чацвёрты раўнд перамоваў таксама адбудзецца ў Швейцарыі.
“Вы згадалі наступную сустрэчу. Я хачу падкрэсліць, што наступная сустрэча таксама будзе ў Швейцарыі. Гэта інфармацыя, якой я валодаю на сёння. Вядома, наша група вернецца, і ў мяне будзе больш падрабязная інфармацыя, чым цяпер у тэлефоне”, – сказаў ён.
Перамовы прайшлі ў Жэневе 17-18 лютага. Учора пасля іх завяршэння кіраўнік расійскай дэлегацыі Уладзімір Мядзінскі паведаміў, што наступная сустрэча адбудзецца ў найбліжэйшы час.