Изображение: Нацбанк
Нацыянальны банк Беларусі паказаў новую банкноту наміналам 200 рублёў узору 2026 года. Яна будзе выпушчаная ў абарачэнне з 1 чэрвеня.
“Дызайн банкноты канцэптуальна падобны да двухсотрублёўкі, якая знаходзіцца ў абарачэнні, але пры гэтым мае шэраг адрозненняў. Таксама ўдасканалены ахоўны комплекс”, — гаворыцца ў паведамленні.
Раней Нацбанк ужо абнавіў банкноты наміналам 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў. Яны былі выпушчаныя ў 2019-2022 гадах.
На новай банкноце стаіць подпіс цяперашняга старшыні праўлення Нацбанка Рамана Галоўчанкі. Таксама на ёй пазначана назва адлюстраванага архітэктурнага збудавання – “Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава”.
“Да шматтонавага вадзянога знака дададзены дадатковы вадзяны знак – філігрань, якая ўяўляе сабой вельмі светлую выяву наміналу ”200“.
Ахоўная нітка замененая на больш шырокую (4 мм) з наяўнасцю на ёй выразных візуальных ахоўных эфектаў.
У паперы выкарыстана ўзмацненне краю паперы ”Iron Frame“ уздоўж доўгага боку банкноты.
Павялічаная зносаўстойлівасць за кошт двухбаковага лакіравання”, — дадалі ў Нацбанку.
Банкноты надрукаваныя на расійскім “Гознаку”.
200 рублёў узору 2009 года застаюцца законным плацежным сродкам.