BELPOL: на базе групы «А» КДБ Беларусі захоўваюцца ўкраінскія РК-3 «Карсар»

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BELPOL апублікавала расследаванне пра тое, якім узбраеннем аснашчана спецпадраздзяленне КДБ Беларусі «Альфа». Сярод іншага ў іх ёсць украінскія РК-3 «Карсар», якія ў Беларусь афіцыйна не пастаўляліся.

У расследаванні публікуюцца фота транспартна-пускавога кантэйнера пераноснага супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Карсар» украінскай вытворчасці. Фота зроблена на тэрыторыі базы групы «А» ў лістападзе 2022 года.

Згодна з маркіроўкай, у кантэйнеры знаходзіцца ракета тыпу РК-3ОФ з асколачна-фугаснай баявой часткай і ўдарным ядром, сцвярджаюць у BELPOL.

Аўтары расследавання выказалі здагадку, што атрымаць украінскі супрацьтанкавы комплекс байцы «Альфы» маглі ў выніку ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць украінскай арміі. Ніякіх доказаў гэтай версіі не прыводзіцца.

“У цяперашні час BELPOL сумесна з адпаведнымі кампетэнтнымі органамі займаецца пошукам адказу на гэтае пытанне”, — гаворыцца ў расследаванні.

Фота: BelPol.

РК-3 «Карсар» — украінскі пераносны супрацьтанкавы ракетны комплекс, распрацаваны кіеўскім ГККБ «Луч». У жніўні 2017 года ПТРК «Карсар» быў афіцыйна прыняты на ўзбраенне ўкраінскай арміі і пачаў паступаць у войскі.

Раней Reform.news паведамляў, што ўнутраныя войскі МУС Беларусі ў 2024 годзе на адной з фатаграфій з чарговых вучэнняў прадэманстравалі бранеаўтамабіль. Украінскія вайскоўцы пазналі ў ім «Казак-5», які раней не пастаўляўся ў Беларусь.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!