На двух аўтабізнесменаў завялі справу з-за “драблення бізнесу”

Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да двух прадпрымальнікаў, якія валодалі СТА для велікагрузных аўтамабіляў і крамамі запасных частак. Іх падазраюць у нявыплаце падаткаў у буйным памеры.

Падставай стала схема аптымізацыі падаткаў.

“Камерцыйная структура мела па ўсёй краіне рознічную сетку з 30 крам і станцый тэхнічнага абслугоўвання грузавых аўтамабіляў. Памеры атрымліваемай выручкі не дазвалялі ўжываць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Але выхад уладальнікі кампаніі знайшлі. Для незаконнай мінімізацыі падаткаў яны арганізавалі рэгістрацыю ў Мінску двух прадпрыемстваў, якія ўжываюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання”, – распавялі ў КДК.

Атрыманая выручка размяркоўвалася паміж асноўнай кампаніяй і дадаткова створанымі суб’ектамі.

У выніку, паводле версіі КДК, з 2022 года кампанія недаплаціла ў бюджэт больш за 1,2 млн рублёў.

“Прычыненая дзяржаве шкода кампенсавана падазраванымі ў поўным аб’ёме. Вядзецца папярэдняе расследаванне”, – дадалі ў КДК.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!