2-е рудоуправление. Фото: "Беларуськалий"
На “Беларуськаліі” адбыўся яшчэ адзін няшчасны выпадак. Загінуў рабочы. Як паведамілі на прадпрыемстве, здарэнне адбылося 17 жніўня на рудніку 2-га рудаўпраўлення.
“Пры аглядзе горных выпрацовак лавы ў выніку абрушэння парод даху атрымаў траўму горны майстар Дзмітрый Пятровіч. Пацярпелы быў дастаўлены ў Салігорскую ЦРБ, дзе памёр”, — гаворыцца ў паведамленні.
Створаная камісія па расследаванні прычын і абставін няшчаснага выпадку. “Беларуськалій” выказвае спачуванні родным і блізкім загінулага.
Гэта другі няшчасны выпадак са смяротным зыходам у гэтым месяцы. У пачатку жніўня на рудніку 4-га рудаўпраўлення загінуў 29-гадовы рабочы Раман Тысевіч — электраслесар (слесар) дзяжурны і па рамонце абсталявання. Ён атрымаў смяротную траўму пры падключэнні электрычнага кабелю да скрабковага перагружальніка праходчага комплексу. СК распачаў крымінальную справу па факце гібелі рабочага.