«Прыйдзе час, і мы адновім тыя шляхецкія сядзібы, якія стваралі прыгажосць беларускіх вясковых краявідаў». Эксперт Юрась Меляшкевіч расказаў пра скарачэнне Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў

Улады Беларусі хочуць скараціць Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У эфіры «Студыі «Белсат» актывіст у ахове гістарычна-культурнай спадчыны і выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч паразважаў пра прычыны такога рашэння.

«Гэта пытанне ментальнага стану гэтых выканаўцаў, якіх Лукашэнка ўсе гэтыя дзесяцігоддзі адмыслова вырошчваў. У іх няма ніякай беларускай ідэі, у іх няма ніякай беларускай ідэнтычнасці. Гэта збольшага людзі, якія разглядаюць Беларусь як прастору для маніпуляцыі гэтымі матэрыяльнымі аб’ектамі», – сказаў эксперт.

У гэтай сітуацыі, дадаў Меляшкевіч, калі нейкі будынак – палац, сядзіба, рэшткі гаспадарчага двара – страцілі функцыянальнасць, то для чыноўнікаў адсылкі да беларускай гісторыі для іх нічога не вартыя, бо гэта не трапляе ў іхную карціну свету.

Акрамя таго, бізнес, калі бярэцца за клопат пра гістарычны будынак, сутыкаецца са складанасцямі. Да таго ж у нас няма такой культуры, калі людзі з грашыма ўкладваюцца ў вялікія і іміджавыя для беларускай культуры праекты.

«Я спадзяюся, што рукі цяперашніх дзеячаў не дацягнуцца да кожнага аб’екта. І ўсё ж такі прыйдзе час, і мы адновім тыя шляхецкія сядзібы, якія стваралі прыгажосць беларускіх вясковых краявідаў. Яны былі, напэўна, самымі прыгожымі асяродкамі нашага беларускага культурнага ландшафту. Гэта цэлы пласт, цэлая цывілізацыйная з’ява», – падсумаваў эксперт.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!