Фото: unsplash.com
У новым навучальным годзе змены ў навучальных праграмах сярэдняй адукацыі будуць мінімальнымі. Яны закрануць фізкультуру, дапрызыўную падрыхтоўку і некаторыя іншыя прадметы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры расказала начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
“Да пачатку навучальнага года ўнесеныя змены ў асобныя навучальныя праграмы. Гаворка ідзе пра такія навучальныя прадметы, як інфарматыка, 6-9 клас. Акцэнт зроблены не толькі на тэорыі, але і на функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, уменні прымяняць лічбавыя навыкі ў паўсядзённым жыцці. Абноўленыя навучальныя праграмы, вядома ж, павінны ісці ў нагу з часам.
Так, сёння ў навучальнай праграме інфарматыкі ў 8 класе з’яўляецца асобная тэма “Штучны інтэлект”. Навучэнцы пачнуць вывучаць тэхналогіі штучнага інтэлекту. І наша задача — навучыць дзяцей выкарыстоўваць іх усвядомлена, бяспечна, з карысцю для вучобы. Дзеці навучацца складаць запыты да штучнага інтэлекту і правяраць дакладнасць той інфармацыі, якую яны атрымліваюць”, — сказала яна.
Прыкметныя змены чакаюцца ў праграме дапрызыўнай падрыхтоўкі.
“З’яўляецца асобны раздзел, які датычыцца беспілотных лятальных апаратаў у дзясятых класах. Павялічаная колькасць гадзін на практычныя заняткі. Так, з улікам вучэбна-палявога збору на практычны занятак адводзіцца каля 90% усяго часу, прадугледжанага на вывучэнне навучальнага прадмета “Дапрызыўная медыцынская падрыхтоўка”, — працягнула яна.
З мінулага года ў беларускіх школах з’явіўся трэці ўрок фізкультуры на тыдзень. Ён быў прысвечаны гульнявым відам спорту. Аднак у новым навучальным годзе падыход зменіцца.
“З гэтага навучальнага года з дапамогай гульнявых відаў спорту ўрок будзе накіраваны на павышэнне не толькі рухальнай актыўнасці навучэнцаў, але і іх падрыхтоўку навучэнцаў да здачы нарматываў, якія прадугледжаныя навучальнай праграмай па навучальным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, — сказала яна.