МЗС Украіны пра інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы: За гэтым стаіць Масква
Рэдакцыя Reform.news · 7 кастрычніка 2026, 12:11
https://reform.news/be/mzs-ukrainy-pra-incydjent-na-belaruska-latvijskaj-mjazhy-za-gjetym-staic-maskva/Украіна лічыць, што за правакацыяй на беларуска-латвійскай мяжы стаіць Расія, якая выкарыстоўвае міграцыю для дэстабілізацыі Еўропы. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
«Украіна выказвае поўную салідарнасць з Латвіяй у сувязі з інцыдэнтам на яе мяжы з Беларуссю, падчас якога ўзброеныя асобы пагражалі латвійскім вайскоўцам, суправаджаючы мігрантаў да мяжы.
Не павінна быць ніякіх сумненняў: за гэтым стаіць Масква. Пуцін свядома выкарыстоўвае міграцыю як зброю пры садзейнічанні Лукашэнкі, каб дэстабілізаваць Еўропу.
Гэта частка больш шырокай агрэсіўнай стратэгіі. Расія і беларускі рэжым працягваюць выпрабоўваць еўрапейскую бяспеку, усё часцей звяртаючыся да актаў сабатажу», — заявіў Сібіга.
МЗС Украіны лічыць, што адказам на такую палітыку Расіі павінна стаць узмацненне ціску, умацаванне межаў і ўзмацненне падтрымкі УСУ.
Нагадаем, латвійская армія паведаміла пра правакацыю на беларуска-латвійскай мяжы на гэтым тыдні. Узброеныя людзі ў масках гналі групу з не менш як 20 мігрантаў у бок латвійскай мяжы і пагражалі латвійскім вайскоўцам.
Спроба пераходу мяжы была спыненая, але праз некалькі гадзін людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу, скралі камеры назірання і схаваліся ў Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.
