Reform.news

Латвія паведамляе пра правакацыю: узброеныя людзі ў масках гналі мігрантаў да мяжы

Рэдакцыя Reform.news · 6 кастрычніка 2026, 21:10

https://reform.news/be/latvija-pavedamljae-pra-pravakacyju-uzbroenyja-ljudzi-maskah-gnali-migranta-da-mjazhy/

(абноўлена) Узброеныя людзі ў масках суправаджалі групу мігрантаў як мінімум з 20 чалавек да беларуска-латвійскай мяжы, а затым зайшлі на тэрыторыю Латвіі і пашкодзілі абсталяванне.

Інцыдэнт адбыўся на гэтым тыдні. У латвійскай арміі заявілі, што правакацыя мела дэманстратыўны і агрэсіўны характар.

«Вайскоўцы Нацыянальных узброеных сіл спынілі спробу перасячэння мяжы, аднак, у адрозненне ад многіх папярэдніх выпадкаў, на гэты раз правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар. Тыя, хто суправаджаў нелегальных мігрантаў, былі ўзброеныя, пагражалі вайскоўцам Нацыянальных узброеных сіл, а таксама актыўна падштурхоўвалі і гналі групу мігрантаў у напрамку Латвіі», — паведамляюць Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі.

Латвія лічыць, што правакацыі і гібрыдныя пагрозы на беларускай мяжы будуць працягвацца з выкарыстаннем нелегальнай міграцыі як інструмента ціску на знешнюю мяжу Латвіі і адначасова і на знешнюю мяжу ЕС і НАТА.

Праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі абсталяванне, скралі камеры і схаваліся на тэрыторыі Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.

«Праз некалькі гадзін пасля гэтага канфлікту людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу і скралі камеры. Да таго як памежны нарад паспеў прыбыць на месца, гэтыя асобы вярнуліся на тэрыторыю Беларусі», — паведамляе міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава у сацсетцы X.

Ён папярэдзіў, што падобныя дзеянні могуць мець наступствы для Беларусі.

«Беларусь павінна разумець, што такія выпадкі могуць прывесці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — заявіў Домбрава.

Рэклама

Пакінуць адказ