Руслан Варанков. Скриншот видео
МЗС Беларусі выступіла з другой заявай у сувязі з нібыта «тэрактам, які рыхтуецца» ў Польшчы. Паводле слоў прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова, Мінск гатовы дапамагчы Варшаве ў расследаванні.
МЗС назвала перадачу Варшаве інфармацыі праявай добрасуседства.
«Перадача польскаму боку інфармацыі пра тэрарыстычны акт, які рыхтуецца на яго тэрыторыі, — гэта заканамерны крок, які адлюстроўвае прынцыповую пазіцыю Беларусі, заснаваную на прынцыпах добрасуседства», — сказаў Варанкоў.
Варанкоў заявіў пра «радыкалізацыю» беларусаў, якія выехалі з краіны і сутыкнуліся з праблемамі з легалізацыяй, і папярэдзіў Польшчу пра пагрозы з боку беларускіх мігрантаў.
«Гэтая сітуацыя наглядна дэманструе, што экстрэмізм і тэрарызм не маюць межаў. Хаваючы на сваёй тэрыторыі дэструктыўныя элементы, Варшава сутыкаецца з непазбежнымі наступствамі — ростам пагроз унутры, калі радыкалы пачынаюць уяўляць прамую небяспеку ўжо для жыхароў самой Польшчы», — лічыць Варанкоў.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС раскрыў некаторыя дэталі нібыта тэракту, які рыхтуецца. Яго нібыта задумаў чалавек з «псеўдахрысціянскімі каштоўнасцямі», а ахвярамі павінны былі стаць дзеці лідара «экстрэмісцкага фарміравання».
«Польскаму боку былі прадастаўлены звесткі ў дачыненні да канкрэтнай асобы, якая з’яўляецца прыхільнікам псеўдахрысціянскіх каштоўнасцяў. Наяўнасць у яго матываў і сувязяў, а таксама здзяйсненне ім радыкальных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у мінулым сведчаць пра надзвычайную сур’ёзнасць сітуацыі і ўказваюць на рэальную адчувальную пагрозу.
Паводле наяўных даных, жанчына, чые непаўналетнія дзеці павінны былі стаць галоўнай мэтай запланаванага злачынства, узначальвае адно з фарміраванняў, прызнанае на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкім. Дадзены факт наглядна сведчыць пра глыбокі крызіс і нездаровую канкурэнцыю ўнутры асяроддзя так званай палітычнай эміграцыі, якое штучна падтрымліваецца Еўропай», — заявіў Варанкоў.
«Спроба падрыхтоўкі тэракту — цалкам прадказальная рэакцыя ўнутры супольнасці ўцекачоў на папулісцкую і накіраваную на ўласнае ўзбагачэнне дзейнасць замежных палітызаваных цэнтраў, якія фактычна ставяць пад удар ужо і бяспеку грамадзян еўрапейскіх дзяржаў», — лічыць беларускае МЗС.
Беларускі бок падкрэсліў, што кіруецца прынцыпамі добрасуседства, нягледзячы на рознагалоссі з Польшчай па шэрагу пытанняў. У выпадку тэракту абвінавачанні былі б прад’яўленыя беларускім уладам, лічыць МЗС.
«Гэта асабліва праяўляецца ў выпадках, звязаных з прамой пагрозай жыццю і здароўю людзей. Выратаванне чалавечых жыццяў, а тым больш абарона дзяцей для беларускага боку заўсёды стаіць вышэй за любыя палітычныя рознагалоссі. Да таго ж мы выдатна разумеем, што ў выпадку рэалізацыі такога сцэнару Захад і так званыя супольнасці ўцекачоў прадказальна абвінавацілі б беларускія ўлады», — заявіў Варанкоў.
Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Польшчай па гэтым выпадку і гатовая да «канструктыўнага ўзаемадзеяння», падкрэсліў Варанкоў.
«Беларусь у чарговы раз справай даказвае статус адказнага міжнароднага партнёра, які строга выконвае абавязацельствы ў сферы процідзеяння глабальным выклікам і тэрарызму. Гэты крок пацвярджае гатоўнасць Мінска да канструктыўнага ўзаемадзеяння.
Мы адзначаем, што польскі бок з належнай увагай паставіўся да атрыманай інфармацыі, і не сумняваемся, што кампетэнтныя органы Польшчы неадкладна прымуць вычарпальныя меры для прадухілення трагедыі. Са свайго боку, мы гатовыя аказаць неабходнае садзейнічанне. Падкрэсліваем, што пытанні супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам павінны быць цалкам ачышчаныя ад палітызацыі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС.
Нагадаем, 23 ліпеня МЗС заявіла, што грамадзянін Беларусі нібыта рыхтуе тэракт у Польшчы, мэтай якога павінны стаць непаўналетнія дзеці беларускай актывісткі. Гэтая інфармацыя была перададзена беларускім бокам часоваму паверанаму ў справах Польшчы. Польскія ўлады заявілі, што вывучаюць інфармацыю.