Последствия удара по Славянску 24.07.2026. Фото: t.me/mvs_ukraine
Ганаровае консульства Латвіі ў Славянску было знішчана ў выніку расійскага ўдару 24 ліпеня. Два супрацоўнікі атрымалі раненні. Ганаровы консул Аляксандр Павенка не пацярпеў, паведамляе МЗС Латвіі.
Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, будынак быў паражаны кіраванай авіяцыйнай бомбай КАБ-250.
У сувязі з гэтым часоваму паверанаму ў справах Расіі ў Латвіі была ўручана нота пратэсту.
Міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ праінфармавала міністраў замежных спраў краін ЕС і НАТА, а таксама міжнародныя арганізацыі пра гэты інцыдэнт.
«Латвія рашуча асуджае варварскія атакі Расіі супраць Украіны, якія працягваюць забіраць жыцці мірных жыхароў і разбураць грамадзянскую інфраструктуру. Латвія працягне нязменна падтрымліваць Украіну.
Ціск на Расію павінен захоўвацца, у тым ліку шляхам узмацнення санкцый, а абаронныя магчымасці Украіны неабходна і надалей умацоўваць за кошт прадастаўлення ваеннай дапамогі і неабходных ёй сістэм супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленні латвійскага МЗС.