Скриншот видео
Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы падпісаць мірнае пагадненне з Расіяй у Вашынгтоне. Ён таксама лічыць, што Дональд Трамп цяпер разумее, хто не хоча завяршэння вайны. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю амерыканскай блогерцы Лоры Лумер.
«Так, я гатовы. Я заўсёды казаў прэзідэнту Дональду Трампу, што гатовы прыехаць у ЗША, у Авальны кабінет або ў Мар-а-Лага. Усё залежыць ад прэзідэнта Трампа», — адказаў Зяленскі на пытанне, ці гатовы ён падпісаць мірнае пагадненне з РФ у Авальным кабінеце.
Прэзідэнт Украіны дадаў, што галоўнае — не дзе будзе падпісана пагадненне, а калі.
Зяленскі заявіў, што Украіна хоча перамогі ў вайне, але перш за ўсё засяроджаная на захаванні жыцця людзей.
«Калі заўтра мы зможам спыніць вайну, дасягнуць перамір’я, гэта лепш, чым ваяваць 10–20 гадоў дзеля перамогі і губляць нашых людзей. Перамір’е — найлепшая альтэрнатыва», — лічыць Зяленскі.
На думку Зяленскага, Трамп зразумеў, хто не хоча спынення вайны.
«Прэзідэнт зразумеў, хто насамрэч не хоча спыняць вайну. Больш за тое. Ён зразумеў, што мы хочам спыніць Пуціна, зразумеў, што мы сапраўды хочам міру», — сказаў Зяленскі.
Паводле слоў Зяленскага, прэзідэнт ЗША пачаў яму давяраць. Пераломным момантам стала сустрэча ў Ватыкане ў красавіку гэтага года.